ЗША. Ядзерныя сілы працуюць на старых 8-цалевых дыскетах


Пентагон усё яшчэ выкарыстоўвае кампутарныя сістэмы 70-х гадоў мінулага стагоддзя, паведамляе Падліковая палата ЗША. У ядзерных сілах ЗША па-ранейшаму карыстаюцца 8-цалевымі дыскетамі.

0__19283952_303_00.jpg

 

Міністэрства абароны ЗША па-ранейшаму выкарыстоўвае кампутарныя сістэмы 70-х гадоў мінулага стагоддзя і 8-цалевыя дыскеты. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе Падліковай палаты ЗША, апублікаваным у чацвер, 26 мая.

 

У дакуменце, у прыватнасці, згадваецца Аўтаматызаваны стратэгічны камандны і кантрольны цэнтр, які каардынуе кіраванне амерыканскім ядзерным арсеналам, у тым ліку міжкантынентальнымі ракетамі і самалётамі, абсталяваныя ракетамі з ядзернымі боегалоўкамі, паведамляе www.dw.com

 

Гэтая сістэма працуе на кампутары IBM Series/1 1970-х гадоў, у якім выкарыстоўваюцца 8-цалевыя дыскеты, гаворыцца ў дакуменце.

 

Пентагон абвясціў таксама, што ў 2017 годзе запланавана мадэрнізацыя кампутарных сістэм.

 

У дакладзе Падліковай палаты аб кампутарнай інфраструктуры адміністрацыі ЗША падкрэсліваецца, што падтрыманне састарэлых сістэм у працаздольным стане абыходзіцца вельмі дорага: бюджэт адміністрацыі ЗША на 2017 год прадугледжвае вылучэнне 89 мільярдаў долараў на IT-сістэмы, пры гэтым амаль чацвёртая частка гэтай сумы будзе выдаткавана на рамонт і тэхнічнае абслугоўванне ўжо наяўнай кампутарнай інфраструктуры.