Беларускі нацыяналіст Сцяпан Міско
Усё сваё жыццё ён аддаў тэатру і роднаму беларускаму слову, а яго абвінавацілі ў нацыяналізме. Машэраў асабіста распавядаў яму пра «адзіны савецкі народ» і «адну мову». А Ніл Гілевіч выступіў у яго абарону. 90 гадоў таму нарадзіўся беларускі мастацтвазнавец, культуролаг, дысідэнт Сцяпан Міско.
Вельмі часта я прыгадваю свайго таленавітага і адкрытага душой земляка Сцяпана Міхайлавіча Міско (1930–2010). Калі ён прыязджаў на Слонімшчыну, то забягаў да мяне ў рэдакцыю раённай газеты, дзе я працаваў. А калі я наведваў Мінск, то таксама заходзіў да яго на працу ў Кніжную палату. Аднойчы я асмеліўся і запытаўся ў яго: «А ці праўда, Сцяпан Міхайлавіч, што гэта вы напісалі радкі пра былога міністра культуры СССР Фурцаву?»
Сцяпан Міхайлавіч усміхнуўся і нагадаў гэтыя радкі:
Я нічога не баюся —
Я на Фурцавай жанюся:
Буду шчупаць сіскі я
Самыя марксісцкія!
Такая прыпеўка-жарт была дарэчы, бо кандыдат мастацтвазнаўства, культуролаг Сцяпан Міско ўсё сваё жыццё аддаў гісторыі тэатра. Культуру ў СССР доўгі час курыравала таварыш Фурцава. Таму ажыццявіць беларускія культурныя планы такім людзям, як Сцяпан Міско, так і не ўдалося. Проста ім не давалі. А гэтых планаў было шмат.
Сцяпан Міско нарадзіўся 18 студзеня 1930 года ў вёсцы Чамяры Слонімскага павета. Вучыўся ў мясцовай пачатковай школе, пасля скончыў беларускую школу № 1 Слоніма і Мінскі інстытут замежных моваў. Пра сваё маленства Сцяпан Міско згадаў у артыкуле «Вёска Чамяры», які быў апублікаваны ў 1968 годзе ў часопісе «Полымя»: «Маленства прайшло ў панскай Польшчы. Мы не разумелі тады, што такое акупацыя. Бачылі, як ловяць людзей, гоняць у турмы, толькі мы не здагадваліся, што гэтыя людзі хацелі лепшай долі для ўсіх. У школе крышку разабраліся. Там з першага класа на пытанне: «Хто ты такі?» — павінны былі адказаць: «Поляк малы».
Беларускіх і рускіх кніг у вёсцы было шмат. Мы іх чыталі дома, ведалі напамяць: «Я мужык-беларус, пан сахі і касы», «Ярка на камінку смольны корч палае», «Хто ты гэткі? Свой, тутэйшы». І пазней ужо адчулі, што ніякія мы не палякі, што тутэйшы — значыць, беларус. Некаторыя польскія песні і вершы нам падабаліся, бо ў іх расказвалася аб такім жа сялянскім жыцці, як і наша.
Такое было наша маленства. Падрос да гадоў шасці — ды ў пастушкі. Пачынае світаць, а маці ўжо будзіць. Спачатку ласкава: «Сынок, сыночак…». А потым і дубца пакажа. Нічога не зробіш, трэба. З пастушка ў барану, з бараны ў граблі, ад грабель да касы і плуга — такі шлях вясковых хлапчукоў заходнебеларускай вёскі майго пакалення».
Пасля заканчэння інстытута Сцяпан Міско вярнуўся ў Слонім. У пасёлку Альбярцін (цяпер мікрараён Слоніма) у сярэдняй школе шэсць гадоў выкладаў французскую, нямецкую, беларускую і рускую мовы. У 1958 годзе паступіў у аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Затым працаваў у гэтым інстытуце (завочна вучыўся ў дактарантуры на кафедры тэатра народаў СССР у Маскоўскім інстытуце тэатральнага мастацтва.
У 1962 годзе ў Кіеве ў самога Максіма Рыльскага абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Вытокі беларускага народнага тэатра». Пасля шмат пісаў, апублікаваў больш за сотню артыкулаў у рэспубліканскіх газетах, часопісах, зборніках і альманахах, прысвечаных беларускаму тэатру, літаратуры, жывапісу, музыцы. Напісаў і доктарскую дысертацыю на тэму «Беларускі тэатр ад вытокаў да першай паловы XVIII стагоддзя». Дысертацыю абмеркавалі, адобрылі, але абараніць яе Сцяпан Міско не паспеў.
У 1974 годзе яго звольнілі з працы з Акадэміі навук БССР, дзе працаваў старшым навуковым супрацоўнікам. «Нас выгналі тады за «неправильные взгляды по национальному вопросу», — расказаў неяк мне Сцяпан Міхайлавіч. — Выгналі мяне, Міколу Прашковіча з Інстытута літаратуры, Вячаслава Рабкевіча з БелСЭ, Алеся Каўруса з Інстытута мовазнаўства, Міхася Чарняўскага з Інстытута гісторыі. Патраслі некаторых хлопцаў і ў Гародні. Мяне трымалі ў КДБ роўна 6 дзён і ўсё вялі допыт. Зрэдку адпускалі паесці, а пасля зноў дапытвалі. А пасля, як п’яніцу, адправілі на 10 дзён спачатку ў медвыцвярэзнік, а пасля — убіраць смецце і працаваць на Мінскім маторным заводзе. А потым адпусцілі…»
Віна Сцяпана Міско, паводле інфармацыі КДБ у партыйныя органы, перадусім у ЦК КПБ, заключалася ў нацыяналістычнай пазіцыі, а фактычна ў тым, што ў сваіх публікацыях у перыядычным друку і ў публічных выступленнях на з’ездах творчай інтэлігенцыі, Сцяпан Міско адстойваў правы беларускай мовы, казаў пра яе нераўнапраўнае становішча ў БССР. Ён прымаў актыўны ўдзел на старонках газеты «Літаратура і мастацтва» і часопіса «Нёман» у дыскусіях пра лёс нацый і моваў, дзе практычна раскрытыкаваў афіцыйную канцэпцыю таталітарнага рэжыму пра зліццё моваў як беспадстаўную і псеўданавуковую. Сцяпан Міско раскрытыкаваў вядучых артыстаў Беларускага Акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, якія дрэнна размаўляюць па-беларуску на сцэне падчас спектакляў…
У абарону і падтрымку Сцяпана Міско выступіў на старонках «ЛіМа» і Ніл Гілевіч. 17 снежня 1963 года ён пісаў: «Ужо не першы год чуюцца галасы справядлівага абурэння тым, што многія акцёры беларускіх тэатраў валодаюць беларускай мовай так, што каб і хацеў горш, дык нельга. Нядбайныя, абыякавыя адносіны акцёраў да слова зніжаюць ролю тэатраў у справе эстэтычнага выхавання працоўных. Голасам шчырай заклапочанасці з гэтага поваду з’явілася выступленне Сцяпана Міско. Аўтар прыводзіць канкрэтныя і пераканаўчыя прыклады, калі нават вядучыя акцёры Акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы не клапоцяцца аб чысціні мовы і правільным літаратурным вымаўленні. Сапраўды, крыўдна: акадэмічны тэатр — і раптам такія моўныя адвольнасці, такое грубае парушэнне норм беларускай арфаэпіі! У гэтым — сэнс і пафас выступлення Сцяпана Міско, і кожны непрадузяты чытач не можа з ім не пагадзіцца.
Сцяпан Міско не збіраўся пісаць навуковы артыкул па мовазнаўству — ён сказаў аб тым, што ўжо даўно непакоіць многіх і многіх шчырых прыхільнікаў нашага тэатральнага мастацтва. Дарэчы, і яго парады не такія ўжо абсурдныя. Напрыклад, пазнаёміцца з «Дыялекталагічным атласам беларускай мовы» было б вельмі карысна для кожнага акцёра, хаця, зразумела, не ў гэтым галоўны выхад са становішча. Галоўны выхад Сцяпан Міско справядліва бачыць у тым, каб акцёры карысталіся сваёй рабочай мовай не толькі на сцэне, але і ў штодзённым побыце…»
Па ўспамінах Міско, самае галоўнае тады для КДБ было арганізаваць нацыяналістычную групоўку. Але групоўкі той ніякай не існавала. Хлопцы з сем’ямі па 15–20 гадоў жылі тады без кватэр у акадэмічных інтэрнатах, бо займаліся беларускай культурай. Што ведалі адзін аднаго, дык не маглі не ведаць. Што пісалі пра старажытную гісторыю, культуру і мову беларусаў, дык так наканавана ім было. Што яны аднолькава думалі пра трагічную гісторыю свайго народа і хацелі для яго лепшай будучыні, дык так думалі ўсе шчырыя беларусы.
Міско нават выклікалі на бюро ЦК КПБ перад пленумам 1974 года. Там першы сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў цэлую гадзіну чытаў яму натацыі, што ў нас адзін савецкі народ, што ў нас будзе адна мова і г.д. А потым пачаў крычаць на яго: «Нашёлся свядомый белорус. Поживёшь два года без работы, вот посмотрим, как ты запоёшь… Ты думаешь, если бы ты стал руководителем республики, так сразу все и заговорили бы на белорусском языке…»
Але Сцяпан Міско не маўчаў, адстойваў свае погляды. Праўда, пасля бюро ЦК КПБ два гады ён не змог нідзе ўладкавацца на працу. А пасля ўсё ж яго ўзялі ў Дзяржаўны музей БССР. А перад пенсіяй — працаваў намеснікам галоўнага рэдактара ў выдавецтве «Універсітэцкае».
У 2000 годзе асобным выданнем выйшла з друку кніга Сцяпана Міско «Школьны тэатр Беларусі XVI–XVIII стст.». У ёй аўтар найбольш поўна даследаваў тэатральнае мастацтва Беларусі перыяду сярэднявечча. Кніга складаецца з трох раздзелаў. У першым раздзеле даследчык расказаў пра тое, як узнік школьны тэатр і што сабой уяўляў яго рэпертуар. У другім раздзеле асаблівую ўвагу ўдзяліў аналізу інтэрмедый, якія ляглі ў аснову прафесійнай беларускай драматургіі. А ў трэцім раздзеле ў скарочаным выглядзе даецца змест асобных інтэрмедый.
Вядома, Сцяпан Міско гэтым выданнем не прэтэндуе на вырашэнне ўсіх праблем, звязаных з развіццём школьнага тэатра ў Беларусі. Будучым даследчыкам давядзецца яшчэ перакласці на беларускую мову ўсе тэксты драм, якія пісаліся і ставіліся на тэрыторыі Беларусі на лацінскай і польскай мовах, выявіць многіх невядомых да гэтага часу драматургаў школьнага тэатра, даследаваць больш шырока тэорыю і практыку школьнага тэатра. Аднак і тое, што нашаму земляку ўдалося адшукаць у архівах і старых выданнях, вельмі карысна для тых, хто цікавіцца гісторыяй беларускага тэатра.
Падчас адной з сустрэч пры жыцці Сцяпан Міхайлавіч Міско неяк сказаў мне: «Калі будзеш штосьці пра мяне пісаць, не забудзь згадаць, што я з’яўляюся сябрам Саюза беларускіх тэатральных дзеячаў з 1964 года». Гэта я і раблю.
Упершыню апублікавана ў "Новым Часе" ў 2015 годзе.