Кастусь Жукоўскі зашыў сабе рот (відэа)
Суд разгледзеў чарговую справу ў дачыненні да журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага. За сюжэт для нашага тэлеканалу ён вымушаны заплаціць 35 базавых велічыняў. Да такога ж штрафу прысудзілі журналістку Ларысу Шчаракову.
Жукоўскага абвінавацілі ў парушэнні арт.22.9 КаАП («незаконны выраб прадукцыі СМІ»). Падставай стаў сюжэт у эфіры нашага тэлеканалу.
Пры гэтым маёр Шукель з Цэнтральнага РАУС Гомлю не агучыў назвы і часу выхаду відэаматэрыялу, а толькі сказаў, што ў ім ішла гаворка пра Беларускае таварыства чырвонага крыжа.
Міліцыянт хацеў выклікаць Кастуся Жукоўскага на папярэднюю размову ў РАУС, але той не пагадзіўся. Пасля журналісту даслалі позву ў суд.
Кастуся Жукоўскага сёлета ўжо 6 разоў штрафавалі паводле таго ж самага артыкулу КаАП.
8 красавіка той самы маёр Шукель склаў адміністратыўны пратакол у дачыненні да журналісткі Ларысы Шчыраковай (таксама за «незаконны выраб прадукцыі СМІ»). Яе вінавацяць у тым, што яна зрабіла відэасюжэт пра візіт у Гомельскую абласную арганізацыю таварыства Чырвонага крыжа прадстаўніка ААН па справах уцекачоў Жана-Іў Бушардзі.
Пры гэтым сама журналістка адмаўляе сваё аўтарства, кажа, што прысутнічала на сустрэчы, але выпадкова выдаліла запіс з флэш-карты.
Фота: Мікола Бянько