19 і 20 красавіка адбудуцца суды за антыімперскую акцыю
19 і 20 красавіка ў былым будынку Беларускага гуманітарнага ліцэю пройдуць суды за антырасійскі пікет каля пасольства Расіі ў Мінску, які адбыўся 2 красавіка.
![Фота з сайта bchd.info Фота з сайта bchd.info](/img/v1/userfiles/images/1461047887_sud.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота з сайта bchd.info
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска па вуліцы Кірава, 21 разгледзяць адміністратыўныя справы па ч.1. арт.23.34 КаАП над удзельнікамі антыімперскай акцыі, якую 2 красавіка зладзіў Малады Фронт.
Будуць разглядацца ў тым ліку і справы сяброў БХД. Так, 19 красавіка ў 16.00 пачнецца разгляд справы Наталлі Бордак, 20 красавіка ў 14.00 — Паўла Пракаповіча, паведамляе bchd.info.
![Фота Радыё Свабода Фота Радыё Свабода](/img/v1/news/full/gi_19129_96632_big.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота Радыё Свабода
Нагадаем, у несанкцыянаванай уладамі акцыі каля пасольства Расіі ў Мінску, што была прымеркавана да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, удзельнічалі 12 чалавек. Яны трымалі бел-чырвона-белыя сцягі, сімволіку арганізацыі, а таксама плакаты "Не саюзу з бандай", "Добры сусед — той, які жыве праз плот", "Пуціна ў Гаагу".