Палявы камандзір Вінцук Вячорка
Сёння адзін з зуброў адраджэння 1980-1990-х адзначыў свой не круглы юбілей. Мы далучаемся да ўсіх сённяшніх віншаванняў і прапануем яшчэ раз пачытаць тое, што Вінцук расказаў пра сябе сам.
Мабыць, калі шукаць нейкі мэйнстрым жыцьця Вінцука Вячоркі, то можна сказаць, што ён увесь час нешта пачынае. І самае галоўнае — працягвае шукаць зноў, калі знойдзенае было аднойчы страчана. А яшчэ яго можна назваць адным з самых інтэлігентных палітыкаў Беларусі, якога вельмі цяжка ўявіць у няволі. Асабліва, калі ўлічыць, што першы раз ён там аказаўся яшчэ трыццаць гадоў таму, а зараз Вінцуку толькі 52. Прапаную чытачам чарговы нарыс пра дзечоў Беларусі з серыі «Лёсы». Тэкст гутаркі на жаданьне суразмоўцы запісаны клясычным правапісам (тарашкевіцай).
Аляксадр Тамковіч
Напярэдадні Незалежнасьці. 24 жніўня 1991 г. Мітынг вядзе Вінцук Вячорка (На пярэднім пляне патыліцай да фатографа Віктар Івашкевіч)
Пачатак жыцьцця
"Я нарадзіўся ў Берасьці 7 ліпеня 1961 году. Між іншым, гэта дзень народзінаў Янкі Купалы. І Купальле (паводле юліянскага календара).
Бацька, Рыгор Мікалаевіч, быў эканамістам, маці, Аляўціна Сямёнаўна, працавала пэдагогам, рэдактарам. На жаль, бацькі ўжо няма. Маці актыўна і з задавальненьнем удзельнічае ў беларускім грамадзка-культурным жыцьці .
Да 1974 году мы жылі ў Берасьці, я хадзіў у сярэднюю школу нумар адзін, якая потым стала гімназіяй з матэматычным профілем. Патэнцыял бацькі як навукоўца і практыка (спэцыялізаваўся на асноўных прадукцыйных фондах і крэдытнай справе) быў ацэнены "наверсе", і яго запрасілі дараднікам Пятра Машэрава ў эканамічных пытаньнях.
Хачу падкрэсьліць, што бацька трапіў у цэкоўскую структуру дзякуючы не партыйнаму кар'ерызму, а асабістым грунтоўным ведам і досьведу. Тая ўлада не змагла б доўга кіраваць без выкарыстаньня сапраўдных прафэсіяналаў.
Родам мой бацька са знакамітых Мерлінскіх хутароў, якія знаходзіліся на ўскрайку цяперашняга Столінскага раёну. Гэта Заходняя Беларусь. Сёньня Хутароў ужо няма, бо ў 1961 годзе ў тых мясьцінах зрабілі палігон для авіяцыі Варшаўскага дагавору. Там бязьмежныя балоты, ад якіх (з часоў сталыпінскай рэформы) людзі адваёўвалі жыцьцёвую прастору. На такім хутары пасярод унікальнай прыроды ў сялянскай сям'і вырас бацька. Але палітую людзкім потам зямлю потым "калектывізавалі" бальшавікі.
Нягледзячы на блізкасьць да камуністычнага істэблішмэнту (што мне часта ўзгадвалі), бацька ўсё жыцьцё мысьліў не зусім партыйнымі катэгорыямі, добра разумеў, што такое прыватная ўласнасьць і свая беларуская зямля. Гэта асабліва адчувалася падчас супольных выездаў у вёску, бліжэй да ягонай малой радзімы. Напэўна (і гадоў трыццаць таму гэта здавалася б парадаксальным), адзін зь імпульсаў іншадумства я атрымаў дзякуючы яму. Нашмат пазьней Рыгор Вячорка, які ўжо меў досьвед макраэканамічнага рэгуляваньня эканомікі новапаўсталай незалежнай краіны, перамоваў з МВФ ды іншымі міжнароднымі структурамі, спрычыніўся да ўкладаньня эканамічнага разьдзелу Праграмы БНФ.
Маці па адукацыі філёляг, выкладчыца беларускай і расейскай моваў, у Берасьці выкладала расейскую, а пазьней у Менску працавала літаратурным рэдактарам. Несумненна, мне перадаліся ад яе філялягічныя схільнасьці. Дома было мноства кніг, і прыахвоціўся я да чытаньня вельмі рана. Недзе з трох ці трох з паловай гадоў, чаму ёсьць дакумэнтальнае пацьверджаньне. На фатаконкурсе абласной газэты "Заря" прыз атрымаў здымак, дзе падчас выезду на возера дарослыя займаюцца сваімі клопатамі, а я на кукішках чытаю газэту, пасьцеленую пад перакус.
Малодшая сястра Алена (адрозна ад мяне) прафэсійна пайшла ў бацьку, яна эканаміст, прафэсар. Так што я, хоць і філёляг, маю кантакты з колам кваліфікаваных эканамістаў.
Я даволі рана вызначыўся з прыярытэтамі і меркаванай прафэсіяй. Гэта — мовазнаўства. Цікавілі розныя мовы, услухоўваўся ў адрозьненьні падберасьцейскіх і давыд-гарадоцкіх дыялектаў.
У Берасьці я вучыўся да 13 гадоў. Школу закончыў ужо ў Менску. Амаль на выдатна. У атэстаце меў адну чацьвёрку — па расейскай мове, за што і не атрымаў мэдаль. Але не шкадую. У старэйшых клясах штолета працаваў рабочым у друкарні Дому друку, за свае грошы купіў радыё "ВЭФ-202" і магнітафон-"прыстаўку".
Паступіў на філфак БДУ, на аддзяленьне "беларускай і рускай мовы і літаратуры", бо чыста беларускай спэцыялізацыі там тады не было. Выбар зроблены невыпадкова: ужо з 12–13 гадоў я адчуваў у сабе імпульс нацыянальнай сьвядомасьці, адметнасьці, разуменьня, што Беларусь — ня ёсьць Расея.
Інтэрнэту тады не было. Я рана пачаў слухаць "замежныя галасы". Спачатку празь цікавасьць да рок-музыкі, а потым і дзеля альтэрнатыўнай палітычнай інфармацыі. У Берасьці гэта было толькі польскае радыё, а ў Менску — безупынна глушаныя Бі-Бі-Сі, "Голас Амэрыкі". І ўрэшце — Радыё Свабода. Добра памятаю, як праз "глушылкі", рыхтуючы ў ноч зь пятніцы на суботу (каля першай гадзіны) ненавіснае тэхнічнае чарчэньне, я раптам пачуў на 75-м дыяпазоне некалькі беларускіх словаў і зразумеў — вось яна, беларуская служба Радыё Свабода.
Бацька паціху даваў мне чытаць "белы ТАСС" — аналітычныя бюлетэні для службовага карыстаньня пра становішча ў розных краінах, у прыватнасьці, у Польшчы, Чэхіі. Я нямала ведаў пра рэальны стан рэчаў.
І яшчэ. Я карыстаўся чытацкім білетам крыху старэйшага за мяне Сяргея Дубаўца і хадзіў у "Ленінскую" бібліятэку, куды школьнікаў наагул не пускалі. У беларускім аддзеле чытаў кнігі накшталт "Нацыянал-дэмакраты за працай" — пасквілі 30-х гадоў, шукаючы ў іх праўдзівую інфармацыю пра тагачасныя падзеі. Чытаў кніжкі Алеся Божкі, Леаніда Прокшы — штатных камуністычных пасквілянтаў 70-х гг. і ў іхных "фэльетонах" пра нацыянальную эміграцыю знаходзіў цікавыя мне факты. Дарэчы, з адной з тых кніг я і даведаўся, што была БНР, што яна мела герб Пагоню і бел-чырвона-белы сьцяг...
Так што на філфак я прыйшоў сьвядомым чалавекам. На той час размаўляў па-беларуску, перайшоў на родную мову яшчэ ў апошніх школьных клясах. І дзёньнік вёў па-беларуску, за што там пісалі "веди дневник, как положено". У вялікіх гарадах тады не было беларускіх школаў.
Пачатак дзейнасьці
Недзе на другім курсе маёй вучобы сфармавалася група аднадумцаў: я, Сяргей Дубавец, Сяржук Сокалаў-Воюш, які тады быў проста Сокалаў (Воюш — дзявочае прозьвішча маці). Ён вучыўся ва ўнівэрсытэце на курс пазьней, бо зь першага разу не паступіў як прынцыповы некамсамолец. А я вось камсамольцам быў... Толькі значок меў не чырвоны, як ўсе, а перарабіў яго на чырвона-зялёны. Наіўна хацеў такім чынам прадэманстраваць прыналежнасьць да Беларусі. А камсамольцамі былі тады 99% моладзі... Куратарка курсу спрабавала зрабіць мяне "камсоргам", але я катэгарычна адмовіўся.
Разам з Дубаўцом і Сокалавым у 1979–1981 г. мы выпускалі самвыдавецкі бюлетэнь "Люстра дзён", незалежніцкі і антысавецкі. Былі чатыры машынапісныя выпускі. Наклад — 20—25 копіяў, зробленых на машынцы "Белпалку" — часткі ўнутраных войскаў на вул. Чыгуначнай, дзе служыў тады Сяргей Дубавец. Спэцслужбы шукалі, дзе яны друкуюцца, але нікому не магло прыйсьці ў галаву, што ўсё робіцца ў іх "пад самым носам". "Залёт" быў толькі адзін — на наваполацкім заводзе "Палімір", куды праз швагра Сержука Сокалава закідвалі асобнікі выданьня. Дапытвалі Сержука, ціснулі на ягонага бацьку-настаўніка, слабому здароўю якога гэбэшнікі нанесьлі сур'ёзны ўдар. У іх былі падазрэньні, але не было доказаў. "Вылічыць" крыніцы яны не змаглі.
На той момант з дапамогай Ігара Герменчука (ён акурат працаваў на паліграфкамбінаце, адкуль, рызыкуючы свабодай, выносіў наборныя шрыфты) мы зрабілі падпольную друкарню, былі гатовыя выпускаць новае выданьне, тытул якога "Вястун" ужо быў адліты ў мэтале. Партатыўная друкарня нейкі час нават захоўвалася ў мяне дома. Тым ня менш пра кансьпірацыю мы дбалі. Але ратавала ня толькі гэта. Мабыць, нехта дбаў пра імідж "самай спакойнай рэспублікі СССР", і справы не раскручвалі. Да таго ж наша друкарская дзейнасьць была прытарможаная з прызывам Герменчука ў войска.
Студэнцкія гады
Разумеючы, што заставацца вузкім колам "пасьвячоных" бессэнсоўна, мы актывізавалі легальную беларускую дзейнасьць, каб пашырыць кола прыхільнікаў. Напрыклад, адраджэньнем беларускіх народных сьвятаў на гарадзкіх вуліцах. Вырашылі адзначыць у Менску Каляды. Нічога "падрыўнога" ўлада інкрымінаваць нам не магла — гэта ж фальклёр. Маўляў, народная ўлада ня можа паводле вызначэньня перашкаджаць адраджэньню народнай спадчыны...
Сказана — зроблена. Дзякуючы майму (яшчэ ранейшаму) знаёмству з мастакамі Аляксеем Марачкіным і Міколам Купавам удалося значна пашырыць кола нашых аднадумцаў — выйсьці на студэнтаў тагачаснага Тэатральна-мастацкага інстытуту. Так сярод удзельнікаў сьвяточных імпрэзаў зьявіліся Сяржук Цімохаў (на жаль, ужо сышоў у лепшы сьвет), Ігар Марачкін, Гэнік Лойка, Генадзь Мацур, Андрэй Радзівонаў, Янка Медзьвядзёў і г.д. Плюс філфакаўцы — Ірына Крук (цяпер Марачкіна), Сяргей Запрудзкі, Алена Амельчыц (цяпер Анісім), матэматыкі (праз Арыну Поўзік, якая стала маёй жонкай), фізыкі, шмат хто яшчэ.
І, вядома, Ларыса Сімаковіч, з якой я выпадкова сустрэўся на лекцыі ў мастацкім музэі. Яна задавала пытаньні па-беларуску, а гэта было своеасаблівым індыкатарам — свая. Пры знаёмстве высьветлілася, што яна кампазытарка і хормайстар. А гэта азначала, што нас навучыць сьпяваць сапраўдны прафэсіянал.
Так нарадзілася "Майстроўня". Першыя Каляды мы адсьвяткавалі ў 1980 годзе. Сьпявалі для людзей на вуліцы. Зайшлі да Ўладзімера Караткевіча, які жыў у вядомым доме на рагу Маркса і Энгельса, а на выхадзе нас "павязала" міліцыя. Тады яшчэ міліцыянты ня ведалі, што з намі рабіць: нейкая калядная зорка, нейкая каза, гавораць па-беларуску...
Словам, нас адпусьцілі, бо ў Караткевіча быў знаёмы палкоўнік з гарадзкога міліцэйскага начальства, і мы пайшлі, па дарозе сьпяваючы, калядаваць у дом на Сурганава, дзе і дагэтуль жыве шмат мастакоў.
Гэта быў баявы хрост "Майстроўні".
З дазволу намесьніка дэкана, якому вельмі рупіла мастацкая самадзейнасьць, два гады мы зьбіраліся на філфаку БДУ, а затым трапілі ў Палац прафсаюзаў.
Ладзілі публічныя выступы проста на вуліцах Менску, уражваючы людзей нязмушанаю беларускамоўнасьцю. Стварылі нефармальны ўнівэрсытэт беларушчыны. Кола нашых прыхільнікаў расло.
"Майстроўня" скончылася, калі мы зладзілі публічную акцыю пратэсту супраць разбурэньня гістарычнага будынку Менскага гарадзкога тэатру (гатэлю Поляка), у якім прагучала першая беларуская опэра і на месцы якога зараз стаіць навадзел — гатэль "Эўропа". 13 чэрвеня 1984 году 13 маладых людзей упершыню ў найноўшай гісторыі Беларусі выйшлі на акцыю пратэсту супраць зьнішчэньня нацыянальнай памяці ды адчулі на сабе ціск дзяржавы.
"Майстроўня" перацякла ў "Талаку". У "Талацэ" вялікую ролю адыгрывалі рамантычны і ахвярны Сяржук Вітушка ды энэргічны і сьмелы Віктар Івашкевіч — абодвух ужо няма сярод нас. Адным з прызнаных лідэраў быў Алесь Суша. "Талака" — гэта супольная праца на рэстаўрацыі архітэктурных помнікаў і археалягічных раскопках, масавы мітынг у абарону Верхняга гораду Менску, маршы пратэсту ў абарону Дзьвіны ад будаўніцтва ГЭС і палескай прыроды, самаадукацыя, урэшце — стварэньне агульнанацыянальнай Канфэдэрацыі беларускіх суполак. У 1985 годзе нас было толькі чалавек пяцьдзясят. А празь некалькі гадоў ужо многія сотні й тысячы па ўсёй краіне.
Пачатак Фронту
Усё рабілася за свой кошт. Са студэнцкіх стыпэндыяў скідваліся на фотарэактывы, паперу, стужкі, стварылі фонд экстранай дапамогі. Ён дазваляў аплочваць штрафы, як у 1985 годзе за сьвяткаваньне Купальля ў коласаўскай Смольні (і за гэта ж з музэю Якуба Коласа быў выгнаны Сяржук Сокалаў).
Мае фотапавелічальнік і "чырвоная лямпа" працавалі безь перапынку, як і ў іншых сяброў. Гэта цяпер у інтэрнэце можна знайсьці што заўгодна (трэцюю ўстаўную грамату БНР , напрыклад), але найперш нехта быў павінен знайсьці або выцягнуць такія дакумэнты і тэксты са "спэцхранаў", сфатаграфаваць, размножыць на фотапаперы.
Былі наладжаныя сувязі зь віленскімі носьбітамі ідэй БНР (Зоська Верас, Лявон Луцкевіч). Зь Вільні вазіліся сотні мэтраў фатастужкі са сфатаграфаванымі пэрыёдыкай 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя і кнігамі зь бібліятэк і архіваў (як прыватны архіў Зоські Верас).
Адзінай вонкавай дапамогай былі 50 рублёў, якія нам як НЗ перадалі ўкраінскія сябры-незалежнікі.
Па ўсёй краіне пасьля 1986 году ствараліся незалежныя культурніцкія і асьветніцкія структуры, накшталт гомельскай "Талакі" ці гарадзенскай "Паходні". Да таго ж пасьля ВНУ талакоўцы разьяжджаліся па Беларусі. Канфэдэрацыя беларускіх суполак — першая несавецкая агульнанацыянальная структура ў пасьляваеннай БССР — аб'яднала каля 60 суполак. Пазьней яна стала адным з арганізацыйных падмуркаў стварэньня БНФ.
Пасьля ўнівэрсытэту (1983) я займаўся навукай, паступіў у асьпірантуру. Мяне не адразу хацелі туды пускаць, мелі разьмеркаваць у Полацак, што, зрэшты, было б і някепска, хоць ужо меў сям'ю і дзіця. Бываў у гэтым горадзе па 10 разоў у год. А які там асяродак — той самы Сокалаў, Арлоў, Мудроў, Храмцоў…
У асьпірантуры я з задавальненьнем займаўся гісторыяй беларускай літаратурнай мовы ў Заходняй Беларусі міжваеннай пары. Але плёнам маёй навуковай дзейнасьці стала найперш сучаснае ўпарадкаваньне клясычнай правапіснай традыцыі Браніслава Тарашкевіча, для якой я прапанаваў назву "тарашкевіца". Звод "Беларускі клясычны правапіс" мы з калегамі Зьмітром Саўкам, Зьмітром Саньком і Юрасём Бушляковым рыхтавалі шмат гадоў, кансультаваліся з мноствам мовазнаўцаў і практыкаў ды выдалі ў 2005 годзе.
Па заканчэньні асьпірантуры выкладаў у Пэдагагічным унівэрсытэце. Час быў гарачы, надыходзілі перамены, таму вучобу і выкладніцкія высілкі я спалучаў з грамадзка-палітычнай дзейнасьцю. У гэты час мы зь Пётрам Садоўскім уклалі першыя беларускамоўныя праграмы для дзіцячых садкоў і беларускамоўную чытанку для дашкольнікаў. Раней такога не было ніколі, кніга вытрымала ўжо два выданьні, рыхтуецца трэцяе.
У 1990 годзе Кастусь Тарасаў, які тады быў адказным сакратаром, і Ўладзімер Крукоўскі, мастацкі рэдактар, запрасілі мяне працаваць у часопіс "Спадчына", ператвораны з часопісу "Помнікі гісторыі і культуры". Рэдактарам тады быў Іван Чыгрынаў. Наступала новая эпоха, якую мы як маглі набліжалі. З калегамі (Кастусь Тарасаў, Вячаслаў Ракіцкі, Уладзімер Ляхоўскі ды інш.) мы здолелі ператварыць часопіс у інструмэнт той самай нацыянальнай асьветы, якая рабілася раней праз фотаперадрукі пад "чырвоным сьвятлом". Часопіс "Спадчына" выходзіў 10-тысячным накладам, надрукаваў сотні гістарычных, літаратурных, філязофскіх тэкстаў беларускай клясычнай несавецкай традыцыі.
Пачалася эпоха інтэрнэту, і цяпер тая "Спадчына" аблічбоўваецца, каб заіснаваць для маладых, якія ведаюць словы "сайт", "рэсурс" і "фэйсбук" лепш за слова "бібліятэка".
Гуканьне Вясны з Майстроўняй. Сьпераду Сяргей Дубавец і
Вінцук Вячорка. Заслаўе, 1982 г.
У тым жа годзе я адразу адгукнуўся на прапанову Ўладзімера Коласа запачаткаваць незалежную беларускую адукацыю. Перш гэта былі нядзельныя курсы, якія хутка ператварыліся ў Беларускі гуманітарны ліцэй. Так што ганаруся, што быў сярод ягоных заснавальнікаў. Працаваў там шмат гадоў, да моманту, як узначаліў БНФ; уклаў ліцэйскі курс "Гісторыя і культура беларускай мовы".
Яшчэ ў Берасьці аднаклясьнікі далі мне мянушку "Палітык", таму што я чытаў газэты, ведаў усе навіны. Напэўна, і гэта паўплывала на жыцьцёвыя арыентыры.
Да самага стварэньня БНФ існавала падпольная "Група Незалежнасьць", якая стаяла на антыкамуністычных і незалежніцкіх прынцыпах. З 1986 г. мы даволі шчыльна супрацоўнічалі зь літоўцамі і добра разумелі, што беларусам таксама трэба рухацца наперад.
У верасьні 1988 году нас з Алесем Сушам выклікалі на вайсковыя зборы ў Мар'інай Горцы. Напэўна, каб выключыць з актыўнага палітычнага жыцьця. Атрымалася наадварот. Мы яшчэ ўвесну разам зь Віктарам Івашкевічам і Алесем Бяляцкім прыйшлі да высновы, што ў Беларусі трэба стварыць нешта накшталт літоўскага "Саюдзісу". Акурат дарэчы, як мы лічылі, надараўся ўстаноўчы сход таварыства памяці ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў "Мартыралёг".
З Сушам мы зьбеглі з войска туды ў чым былі — у лейтэнанцкай форме, што адразу стала прадметам шэпту ў залі — "Армія з намі!". На паседжаньні высьветлілася, што такі самы плян меў Зянон Пазьняк. У сваім выступе я прапанаваў стварыць нешта большае, чым асьветніцкія структуры, а Пазьняк паставіў на галасаваньне падрыхтаваную раней і падтрыманую Васілём Быкавым прапанову аб утварэньні аргкамітэту руху БНФ "Адраджэньне". Прысутныя камуністычныя чыноўнікі спрабавалі сарваць галасаваньне, але Васіль Быкаў, Міхась Дубянецкі ды наша дружына на чале з Алесем Бяляцкім рашуча іх спынілі.
Так пачаўся новы эпахальны пэрыяд. І да 2009 году яму была ахвяраваная большая частка майго жыцьця. Прайшоў я праз усе ўзьлёты і заняпады БНФ. Я ня трапіў у Вярхоўны Савет на выбарах 1990 году. Апярэдзіў суперніка-генэрала ў паўтара разу, але атрымаў 49%, улада адыгралася на трох намэнклятурных выбарчых участках сталічнай вуліцы Валадарскага, дзе мы ня выставілі назіраньня. Таму я быў, як кажуць, звычайным "палявым камандзірам". Фракцыя БНФ актыўна працавала ў парлямэнце, а мы (Івашкевіч, Бяляцкі, Суша, я ды іншыя) працавалі арганізацыйна, трымалі сувязі з грамадзтвам, выконвалі будзённую працу.
Пра гэта можна распавядаць суткамі. Адзначу толькі, што напачатку я абапіраўся на "майстроўскія" і "талакоўскія" кантакты, а потым кола знаёмстваў моцна пашырылася. Сёньня ў кожным раённым, абласным цэнтры ёсьць людзі, да якіх пры патрэбе магу зьвярнуцца.
Многія памятаюць магутныя рабочыя страйкі тых год, рабочыя мітынгі, якія прымалі фронтаўскія рэзалюцыі, абвешчаньне незалежнасьці, зьмену дзяржаўнай сымболікі (што асабіста мне важна яшчэ і таму, што на паседжаньні "Талакі" я ўпершыню прачытаў публічную лекцыю пра бел-чырвона-белы сьцяг, за што пазьней атрымаў прачуханца ад камуністычных прапагандыстаў і цэлую кампанію выцьця ў іхнай прэсе).
Пра зьмену сьцягу над Домам ураду ў мяне ўспамін неадназначны. Зроблена ўсё было паціху. Мы думалі, што будзе ўрачыстасьць, чырвона-зялёны сьцяг здымуць і аднясуць у музэй, а мы засьпяваем гімн падчас узьняцьця нашага нацыянальнага сьцягу. Нічога падобнага. Уначы адзін сьцяг банальна памянялі на другі. Як сказаў тады Віктар Івашкевіч, "адбылася рэвалюцыя заўхозаў..."
Далей наступілі фронтаўскія будні. Былі спачатку посьпехі — незалежная Беларусь набывала нашымі намаганьнямі шанец адбыцца як свабодная дзяржава. Потым — памылкі і паразы ў цяжкой барацьбе.
У 1999 годзе стала відавочна, што Зянон Пазьняк з-за мяжы ня можа паўнавартасна рэагаваць на зьмены ў краіне, ствараць неабходныя для барацьбы з рэжымам кааліцыі. БНФ хутка губляў уплыў на грамадзтва. Сябры ўрэшце ўгаварылі мяне пайсьці на старшынства ў БНФ, да якога я ня рваўся.
Калі нехта называе гэта "цёплым месцам" і лічыць нейкай "кар'ерай", ён моцна памыляецца. Кіраваць палітычнай партыяй, калі яна ў сапраўднай, а не імітаванай апазыцыі да рэжыму, — значыць ісьці на поўнае самаабмежаваньне. Гэта штодзённыя стрэсы і рызыка. У сям'і бываеш рэдка, вольнага часу не бывае паводле вызначэньня, плюс непазьбежныя арышты. І на звычайную працу нікуды не ўладкавацца пасьля такога старшынства.
Калі ў 2007 годзе на пасаду старшыні БНФ пайшоў мой аднадумец Лявон Баршчэўскі, я шчыра парадаваўся, аднак, як высьветлілася потым, зарана. У 2009 годзе да стырна партыі БНФ, на маю думку, прыйшлі людзі, якія не падзяляюць традыцыйных фронтаўскіх каштоўнасьцяў. Я не лічу, што зь існым рэжымам можна пра нешта дамовіцца, я перакананы, што Лукашэнка ёсьць не гарант беларускай незалежнасьці, а пагроза ёй. У гэтым маё прынцыповае разыходжаньне зь цяперашнім кіраўнцтвам БНФ. Свабоду і незалежнасьць разьдзяляць нельга.
Падобна мяркуюць усе, хто ствараў БНФ. Упэўнены, што так думае і Алесь Бяляцкі. Дарэчы, у 1982 годзе нас пазнаёміў мастак Мікола Купава. Два месяцы мы працавалі разам на раскопках у Мірскім замку. Прайшлі разам гады супольнай рызыкоўнай падпольнай працы (самвыдавецтва ды іншае) у савецкі час. Алесь быў арганізатарам першых Дзядоў памяці ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў у 1987 годзе і масавых Дзядоў у 1988 г., за што пацярпеў. Гэтаму чалавеку я веру як сабе і не дарую тым, хто цяпер сьмее яго, увязьненага, абражаць.
Пачатак будучыні
Падчас вучобы ва ўнівэрсытэце я ажаніўся з сваёй аднаклясьніцай Арынай, яна зь сям'і прафэсара Тэхналягічнага інстытуту Паладзія Поўзіка. Нарадзіліся трое дзяцей — Радаслава, Францішак і Ружана. Узроставая адлегласьць паміж імі вялікая. Усе яны займаліся ў дзіцячых садках і вучыліся ў школе пры розных рэжымах толькі па-беларуску, так што досьвед змаганьня з чыноўнікамі ад адукацыі за правы беларусаў у мяне добры.
Навароджаную малодшую дачку прынесьлі дадому. 1998 г.
Радаслава — юрыст. Яна нарадзіла сына Даніка. Так што я — у статусе шчасьлівага дзеда.
Франак журналіст, спэцыяліст у новых мэдыях, прысутнічае ў інфармацыйнай прасторы. А Ружана яшчэ вучыцца ў 23-й беларускамоўнай гімназіі.
Арына матэматык, але большую частку жыцьця працавала зь дзецьмі й падлеткамі ў гістарычна-культурных клюбах, потым арганізоўвала канцэрты беларускай гістарычнай музыкі, выпускала дыскі. На жаль, летась раптоўна і заўчасна Арыны ня стала.
Аднак вернемся да грамадзка-палітычных рэчаў. Калі ўспомніць савецкія часы, то ў 1981 годзе амаль ніхто ня мог уявіць, што Савецкі Саюз калі-небудзь разваліцца.
А мы ў гэта верылі. Як і ў тое, што ў сучаснай улады вельмі падобныя пэрспэктывы. Беларускую ідэю немагчыма зьнішчыць. Гэта спрабавалі зрабіць і царскія ўлады, і камуністы з фашыстамі. Пад пагрозай яна і сёньня, аднак цяперашні пачварны экспэрымэнт выкараненьня беларушчыны ганебна скончыцца.
Тое, што рабіла і робіць маё пакаленьне, не сыходзіць марна. Ёсьць незалежная Беларусь. Ёсьць мноства нацыянальна сьведамых людзей усіх узростаў (а некалі мы ўсе адзін аднаго ведалі). Усё адродзіцца зноў. Як толькі — дык адразу.