Памяці музыканта і чалавека

Калі не проста вядомы, а сапраўды папулярны чалавек навідавоку, здаецца, пра яго ведаеш ледзь не ўсё. Аднак у тым, што гэта далёка не так, чарговым разам прыйшлося пераканацца, калі Ядзвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч былі аднойчы на «прамой лініі» ў рэдакцыі «БДГ».

фота са старонкі vk ВІА Верасы

фота са старонкі vk ВІА Верасы

Мы прыгадвалі тады не толькі вясёлыя гісторыі з жыцця славутага дуэта, але гаварылі і пра рэчы сур’ёзныя. У тым ліку пра сяброў і пра здрадніцтва.
Недзе ў той час яны якраз выступілі ў абарону Андрэя Клімава, бізнэсоўца і былога дэпутата Вярхоўнага Савета ХІІІ склікання, з якім сябравалі яшчэ ў 1990-я і які цяпер знаходзіўся за кратамі. Аднак ці былі праблемы ў іх пасля гэтага заступніцтва, што як па тым, так і па сённяшнім часе было неверагодным учынкам? «А што мы дрэннага зрабілі? — шчыра здзівіўся Ціхановіч. — Не тлумачыць жа кожнаму, што калі чалавек хварэе — яго трэба наведаць, калі ён у вязніцы — яго таксама трэба падтрымаць».
Хто б спрачаўся, бо так яно і ёсць з пункту гледжання маралі і чалавечнасці, але рэч у тым, што яно зусім не ёсць так з пункту гледжання ўлады. Той самай улады, якая, паставіўшы праз некалькі гадоў музыкантаў перад цяжкім выбарам, ультыматыўна прымусіла іх не прыйсці на юбілейны вечар Генадзя Бураўкіна. Аднак у адрозненне ад Ігара Лучанка (які таксама абяцаў быць, але не прыйшоў без тлумачэнняў) Ціхановіч не толькі з прабачэннямі патэлефанаваў Бураўкіну, але і дапамог з гукавой апаратурай на той творчы вечар. І Генадзь Мікалаевіч казаў, што ўсё разумее і даруе.
Гэтаксама гаварыў часам раней, у рэдакцыі «БДГ», і Аляксандр Ціхановіч. Гаварыў пра даўняе здрадніцтва сябра, якое магло перакрэсліць усё ягонае жыццё: «Шчыра скажу, я ніякіх крыўд ні на каго не трымаю. А калі нешта і крыўдзіла, то я ўсім усё дараваў». Каб такое казаць, трэба было мець мужнасць і шчырую і светлую душу. Усё гэта ў іх было — у Бураўкіна, у Ціхановіча, якія, апроч усяго іншага, валодалі яшчэ і рэдкім талентам даравання…
Яны з Ядзяй яшчэ раілі тады маладым музыкантам берагчы час і дарма яго не марнаваць. «І аддавацца сваёй справе цалкам, — гаварыў Ціхановіч. — Нават калі спачатку не атрымаецца. «Грукайцеся, і вам адчыняць» — ісціна жалезная. Я ўпэўнены, што таго, каго цягне на сцэну, хто ўпарта хоча стаць артыстам, гэтага чалавека нішто і ніколі не спыніць. Дрэнных выканаўцаў няма — усе добрыя, проста мы часам нешта не разумеем… Гэта як у музеі: каля карціны стаіць шмат людзей, а я падышоў і нічога не адчуў, аднак гэта не азначае, што карціна дрэнная — гэта я нечага не “дагнаў”».
І ўжо на развітанне ён казаў пра абдзеленасць артыстаў, бо яны ўвесь час на людзях, што патрабуе стрыманасці і духоўнасці: «Падчас жа канцэрта адбываецца абмен энергіяй, і таму ты абавязкова павінен быць унутрана чыстым, інакш, крый Божа, заўтра захварэе дзесяць чалавек з залы! А калі хто ідзе на сцэну толькі дзеля грошай, ён хутка апякаецца». Ядзя ж сказала: «Я люблю ўсіх артыстаў найперш таму, што яны, абраўшы гэтую прафесію, прысвяцілі ёй жыццё».
Абодва яны ведалі, пра што гаварылі, бо гаварылі ў тым ліку пра саміх сябе, якія аддалі музыцы і сцэне ўсё сваё жыццё. Яны тут, у сваёй краіне, даўно былі для нас свае, нібыта сваякі. Іх нават немагчыма было называць Ядзвіга і Аляксандр — толькі Ядзя і Саша. І хоць бы таму яны без усялякага перабольшання былі, ёсць і застануцца народнымі.