З Аляксандрам Ціхановічам развіталіся пад «Малінаўку»

Тысячы людзей прыйшлі да Белдзяржфілармоніі, каб развітацца з Народным артыстам Беларусі Аляксандрам Ціхановічам. Чарга расцягнулася на сотні метраў. Мора вянкоў і кветак, слёзы ў вачах людзей рознага ўзросту.

20170130_143028_resized_logo.jpg



Да Белдзяржфілармоніі, у панядзелак, 30 студзеня, прыйшлі тысячы людзей, каб развітацца з Народным артыстам Беларусі Аляксандрам Ціхановічам, які адышоў у лепшы свет два дні таму ў выніку цяжкай хваробы.

Нават нягледзячы на тое, што жалобная цырымонія працягнулася больш за запланаваныя тры гадзіны, не ўсе жадаючыя аддаць апошнюю даніну памяці выбітнаму артысту змаглі прайсці да труны.

Падавалася, што арганізатары жалобнага мерапрыемства і самі не чакалі, што Аляксандра Ціхановіча любяць і шануюць столькі людзей. Шмат прыхільнікаў творчасці артыста прыйшлі з самага ранку да храма Аляксандра Неўскага на Вайсковых могілках у цэнтры Мінска, дзе адбыліся літургія і адпяванне. Пасля чаго труну з целам памерлага перавезлі на сцэну філармоніі.

20170130_143318_resized_logo.jpg

Чарга расцягнулася на сотні метраў, і гэта нягледзячы на працоўны дзень і прамозглае надвор’е. Мора вянкоў і кветак, слёзы ў вачах людзей рознага ўзросту. Падчас стаяння ў чарзе многія ўзгадвалі і напявалі песні, якія выконваў Аляксандр за сваю працяглую творчую дзейнасць як у складзе славутых «Верасоў», так і пазней дуэтам са сваёй любімай жонкай Ядзяй Паплаўскай.

20170130_142226_resized_logo.jpg

У холе філармоніі таксама гучалі песні ў выкананні артыста самых розных часоў. Усё гэта не давала розуму пагадзіцца з тым, што гэтага таленавітага і прыгожага чалавека, якому было ўсяго толькі 64 гады, ужо больш ніколі нельга будзе ўбачыць на сцэне, пачуць яго новыя песні. Людзі, бясконцыя людзі, кветкі і кветкі...

Дачка Аляксандра, спявачка і тэлевядоўца Наста Ціхановіч, стоячы каля труны бацькі, дзякавала практычна ўсім, хто прыйшоў ушанаваць памяць яе любімага таты. Сваякі Аляксандра, дарэчы, трымаліся вельмі мужна.

20170130_132641_resized_logo.jpg

Калі жаўнеры з Роты ганаровай варты выносілі труну з целам памерлага з філармоніі, вайсковы аркестр спачатку зайграў традыцыйны жалобны марш Шапэна. Але праз літаральна дзве хвіліны нечакана для ўсіх над плошчай Якуба Коласа ў выкананні гэтых музыкаў загучала знакамітая верасоўская «Малінаўка». З вачэй прысутных пырснулі слёзы. 

Людзі пачалі спяваць словы гэтага шлягеру, а Ядвіга Паплаўская, якая ішла адразу за труною поруч з дачкой, жэстам заклікала прысутных падпець і нават сама праспявала некалькі радкоў. Гэта было вельмі шчымліва і нечакана. Пакуль труну неслі да катафалку, уся плошча перад філармоніяй адгукнулася апладысментамі. Менавіта так развітваюцца з любімымі артыстамі. А Ціхановіч, што і засведчыла развітанне з ім, быў сапраўды любімым, народным.

20170130_143347_resized_logo.jpg

На Усходнія (Маскоўскія) Могілкі, дзе знайшоў свой апошні прытулак Аляксандр Ціхановіч, таксама прыехалі сотні людзей. Пасля невялікага набажэнства труну з целам артыста апусцілі ў магілу. Прагучаў дзяржаўны гімн, а вайскоўцы падчас яго выканання зрабілі шэсць залпаў у неба.Вечны супакой слынны музыка знайшоў побач з Народным артыстам СССР Расціславам Янкоўскім і былым міністрам адукацыі Беларусі Міхаілам Дзямчуком. Вечная памяць…