Памёр Міхась Міцкевіч, малодшы сын Якуба Коласа

27 мая на 95-м годзе жыцця памёр малодшы сын Якуба Коласа Міхась (Міхаіл) Канстанцінавіч Міцкевіч – беларускі навуковец, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, доктар тэхнічных навук.

mickevicz_2.jpg


Пра гэта паведаміла Васіліна Міцкевіч, унучка навуковага дзеяча. Міхась Міцкевіч нарадзіўся 31 студзеня 1926 года ў Мінску. Вучыўся ў Варонежскім (знаходзіўся ў Ташкенце ў час эвакуацыі падчас вайны) і Маскоўскім авіяцыйным інстытутах на машынабудаўнічым факультэце. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут па спецыяльнасці «тэхналогія машынабудавання». Працаваў у Фізіка-тэхнічным інстытуце Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь. Аўтар больш за 150 навуковых прац і звыш 20 вынаходніцтваў. Апроч таго, быў майстрам спорту СССР па стэндавай стральбе. Працаваў навуковым кансультантам музея Якуба Коласа.
Быў жанаты на дачцэ пісьменніка Янкі Маўра, Наталлі Фёдаравай (1924-2012). Ад шлюбу трое дзяцей Сяргей (супрацоўнік музея М. Багдановіча), Кастусь і Марыя (публіцыст, педагог-матэматык, грамадскі дзеяч, даследчыца творчасці Я. Коласа і Я. Маўра).
Якуб Колас прысвяціў Міхасю шэраг вершаў і менавіта Міхась паслужыў прататыпам галоўнага героя дзіцячай паэмы Якуба Коласа «Міхасёвы прыгоды» (1934).
Рэдакцыя «Новага Часа» выказвае сям’і Міхаіла Канстанцінавіча Міцкевіча свае спачуванні і падтрымку.