Паплечнік айца Надсана: Ён да апошняга штодня аднаасобна служыў Літургію

Жалобныя лісты і словы спачування працягваюць паступаць у Марыйны дом у Лондане з усіх краінаў свету, дзе маюцца прадстаўнікі беларускіх супольнасцяў. Пра апошні перыяд жыцця айца Аляксандра Надсана карэспандэнт КРЫНІЦЫ.INFO размаўляе з жыхаром Лондана, беларусам Міколам Пачкаевым.



n1_280x280.jpg

— Спадар Мікола, як і ў якой якасці вы пазнаёміліся з а. Надсанам? Апошнія гады, якія вы правялі побач з ім, ці адчуваўся ягоны ўплыў на жыццё Лонданскай дыяспары?

— З айцом Надсанам я пазнаёміўся ў 1997 годзе, калі пасля пэўнага ліставання ён запрасіў мяне з Кембрыджа на святкаванне ўгодкаў Слуцкага Збройнага Чыну, што ладзіла Згуртаванне Беларусаў у Вялікай Брытаніі. Рэч у тым, што, перш чым стаць святаром, у 1946 годзе, прыехаўшы ў Вялікабрытанію, будучы айцец Аляксандр стаў адным з заснавальнікаў Згуртавання, пэўны час быў яго кіраўніком.

Пасля прыняцця святарскага сану ён фармальна пакінуў усе грамадскія пасады, але заставаўся дзейсным сябрам Згуртавання, усе беларускія справы так ці інакш адчувалі на сабе яго добразычлівы ўплыў і, найчасцей, удзел. Пазней ён таксама ўзначальваў Беларускую Каталіцкую місію ў Вялікабрытаніі, спрычыніўся да стварэння іншых беларускіх арганізацый тут, быў шматгадовым кіраўніком Бібліятэкі імя Францішка Скарыны. Ён заставаўся духоўным лідарам, чалавекам найвышэйшага аўтарытэту, і мудрым дарадчыкам, быў своеасаблівым магнітам у цэнтры беларускага жыцця ў Брытаніі.

N2-199x300.jpg

У апошнія гады ён пакрысе перадаваў усе справы ў рукі іншых — камусьці бібліятэку, камусьці царкоўныя справы. Таму цяпер, без ягонай прысутнасці, беларускае жыццё тут не спыніцца, хаця, канешне, яно ўжо будзе іншым, бо такога цэнтра прыцягнення мы болей не маем.

— Цяперашняя дзейнасць беларускай дыяспары, сёння эфектыўная ці, хутчэй, мемарыяльная?

— Пасляваенны Лондан стаўся цэнтрам духоўнага жыцця беларускай эміграцыі дзякуючы шмат якім фактарам, найперш таму, што пасля вайны, у 1946-м, тут аселі тысячы людзей, што дэмабілізаваліся з арміі Андэрса. Гэта былі розныя людзі, і пераважалі сярод іх тыя, хто апынуўся ў эміграцыі па вельмі важкіх прычынах. Шмат хто з тых, хто спрычыніўся да стварэння Згуртавання Беларусаў Вялікабрытаніі, пасля ад’язджаў у Амерыку, у Канаду. У канцы 1940-х група маладых беларусаў, сярод іх студэнт Аляксандр Надсан, сабралі грошы, узялі іпатэку, і купілі дом для беларускай арганізацыі — перш, чым уладкоўвалі свае асабістыя справы. Наша арганізацыя валодае гэтым будынкам дагэтуль.

Па-другое, тут была група беларускіх святароў на чале з біскупам Сіповічам, якія таксама займелі будынкі, была заснаваная бібліятэка імя Ф. Скарыны. Стварыліся некалькі беларускіх асяродкаў і арганізацыяў, звязаных паміж сабой, дзе кожны беларус мог і можа знайсці сабе адпаведнае асяроддзе для дзейнасці, якая яму адпавядае. Фактычна ўсё, што мае цяпер дыяспара ў Вялікабрытаніі, было пакінутае тымі людзьмі, пакаленнем айца Аляксандра Надсана.

nadsan5-280x161.jpg

У 1946 годзе беларусы апынуліся на чужыне па чыста палітычных прычынах, яны ведалі, хто яны і чаму не маглі вярнуцца ў Савецкі Саюз. Гэта былі свядомыя беларусы. Цяпер сярод тых, хто прыязджае ў Брытанію з Беларусі, працэнт тых, хто цікавяцца нейкім беларускім жыццём амаль такі ж, як і ў Беларусі адносна ўсяго насельніцтва. Па сутнасці, нашае пакаленне дыяспары карыстаецца з усяго гатовага, і трэба прынамсі ясна памятаць, што амаль усё, што маюць цяпер тут беларускія арганізацыі і ўстановы, створана адышоўшым пакаленнем а. Надсана.  Да нас прыходзяць новыя людзі, працягваецца беларускае жыццё ў новых і ў некаторых старых формах, аднак параўнаць з тым пакаленнем, якое заснавала беларускія інстытуцыі ў Брытаніі пасля вайны, канешне, немагчыма.

— Публічнай ці літаратурнай дзейнасці ў большай ступені а. Надсан аддаваў перавагу ў апошнія гады?

nadsan6-280x166.jpg

— Ён хацеў скончыць некалькі кніг, якія, на яго думку, не мог зрабіць ніхто, акром яго, альбо ніхто так якасна, як ён. Апошняя яго праца — пераклад “Псалтыры” з Септуагінты. На вялікі жаль, не атрымалася ўгаварыць яго напісаць успаміны, ён настойваў, што жыццё ягонае, маўляў, не важнае, а пра самых важных людзей ён напісаў.

Увогуле, я часта прыгадваю, як ён згадваў словы Апостала Паўла аб тым, што цела чалавека — гэта храм Святога Духа, і відавочна ён імкнуўся, каб Богу было прысвечана ўсё яго жыццё ва ўсім. Ён з павагай ставіўся да кожнага чалавека, але найбольш цаніў ў людзях цвёрдасць і пэўнасць рашэнняў, якія меў у сабе. І вось стаўшы святаром, ён відавочна шчыра імкнуўся максімальна ўвасобіць у сваім уласным жыцці дасканалы хрысціянскі ідэал — ва ўсім, што рабіў, а найперш у сваім служэнні святара. Нават яго беларуская дзейнасць не была палітычным нацыяналізмам, а часткаю яго поўнай веры ў дзеянне Божай волі. Ён меркаваў, што, калі з Божай волі мы нарадзіліся беларусамі, то па справядлівасці і ў згодзе з Божай воляй павінны менавіта беларусамі быць. Што павінны ісці да Бога як беларусы. Ён быў скрайне патрабавальным да сябе, хаця вельмі лагодным да іншых.

nadsan8-280x199.jpg

Ён быў святаром, які шчыра і сур’ёзна верыў у вучэнне, якое вызнаваў. Ён выконваў усе посты, хоць неабавязковыя, і хаця і без таго быў вегетарыянцам, даўно адмовіўшыся не толькі ад мяса, але і ад рыбы. Ён да апошняга, пакуль мог, штодня служыў Літургію і вячэрню, хаця гэта ж не кляштар, ён не быў абавязаны гэта рабіць. Ён служыў незалежна ад таго, што нікога іншага на тых штодзённых літургіях магло не быць. І пра гэта ён казаў, што ніколі не служыць у царкве адзін, бо там заўсёды таксама прысутны Бог. Увогуле ён шмат разоў казаў у тым сэнсе, што кожны момант жыве ў прысутнасці Бога, і менавіта гэта была для яго вельмі важна.

— Спадар Мікола, на ваш погляд, ці чакаюць са смерцю а. Надсана перамены беларускую царкву ў замежжы?

— Лонданская беларуская царква цяпер існуе ў межах украінскай грэка-каталіцкай епархіі. Паства застаецца згуртаваная. Далей служыць айцец Сяргей Стасевіч. Гэтая лонданская беларуская царква, з якой на практыцы шчыльна звязаная бібліятэка імя Францішка Скарыны, канешне, застанецца найважнейшым беларускім асяродкам у Лондане.  Аднак я не магу не паўтарыць думку, што ў а. Надсане мы страцілі пэўны магніт, які служыў такім цэнтрам, які яднаў разнастайныя аспекты беларускай дзейнасці ў Брытаніі.

— А чым абумоўленая перадача беларускай царквы пад апеку ўкраінскай епархіі?

nadsan2-280x186.jpg

— Перадача адбылася згодна Дэкрэту з Ватыкана, у якім было сказана, што беларуская супольнасць (нават не парафія) даручаецца ў духоўную апеку епархіі Святой Сям’і, гэта украінская грэка-каталіцкая епархія ў Брытаніі. Мяркую, што гэтае рашэнне, атрыманае ў снежні мінулага года перад Калядамі, было абумоўленае тым, што стала вядома, што айцец Надсан зусім захварэў. Мы віталі на Раство ў царкве ўкраінскага біскупа, айцец Аляксандр яшчэ прысутнічаў на гэтай Літургіі. Зрэшты, гэта было кананічным унармаваннем — каб святары усходняга абраду былі пад біскупам усходняга абраду, якім тут ёсць украінскі грэка-каталіцкі біскуп. Мяркую, што з большым неўразуменнем можна задаваць пытанне аб тым, чаму ў самой Беларусі грэка-каталіцкія парафіі дагэтуль не маюць ніводнага ўласнага, грэка-каталіцкага біскупа.

—  Творчая спадчына а. Надсана — які яе чакае лёс?

— Тут я не магу з пэўнасцю сказаць нічога, акром таго, што самае апошняе з свайго творчага здабытку а. Надсан перадаў у Мінск доктару Ірыне Дубянецкай, гэта яго апошняя праца — пераклад “Псалтыры” з Септуагінты. Айцец Аляксандр вельмі быў задаволены з таго, што меў сілы яе скончыць, але не ведаю, на якой стадыі справа яе выдання.

— Якая рэакцыя ў эміграцыйным асяродку з нагоды смерці а.Надсана, ці сталася гэтая страта пэўным эмацыйным штуршком?

— Увесь брытанскі беларускі асяродак з вялікай жалобай успрыняў гэтую навіну. Мы атрымліваем лісты са спачуваннямі нават ад шмат каго з тых, з кім даўно нібыта страчаная сувязь. Вялікі смутак цяпер і ва ўсіх беларускіх супольнасцях, мы чакаем на пахаванні людзей з многіх краінаў свету, прыедзе старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла. Гэтая смерць стала вялікай стратай для эміграцыі, бо айцец Аляксандр Надсан напрацягу доўгага часу быў свайго роду сусветным духоўным лідарам для беларусаў у замежжы, далёка не толькі для грэка-католікаў.

— Што найбольш цікавіла айца Аляксандра ў апошнія месяцы жыцця?

— Тое ж, што і ўсё жыццё — Беларусь. Ён штодня слухаў “Свабоду”, чытаў, наколькі мог правесці часу за кампутарам, “Нашу Ніву”. Шмат казаў і быў захоплены нядаўняй справаю перакладу “Псалтыры”. Калі ўжо не ўставаў з ложку, далей вельмі цікавіўся ўсімі, хто прыязджаў з Беларусі, меў да ўсіх вялікую прыязнь, распытваў аб усіх знаёмых у Беларусі. Да канца вельмі дбаў, турбаваўся і маліўся аб усіх дарагіх людзях.

У матэрыяле выкарыстаныя фотаздымкі з сайта nn.by.