Самаму таямнічаму чалавеку беларускай этнічнай музыкі — 60 гадоў
Сёння, 14 верасня, знакаміты музыкант, кампазітар, пісьменнік, фалькларыст, лідар этна-трыа "Троіца" Іван Кірчук святкуе 60-годдзе.
Напэўна, Іван Кірчук — самы таямнічы чалавек беларускай этнічнай музыкі, пра што наўпрост сведчыць яго сольны монаспектакль «Варажбіт». І адначасова — самы вядомы як стваральнік і кіраўнік легендарнай ужо «Троіцы». На мой погляд, справа тут не ў нейкай іміджавай містыцы, а ў яго ўнікальным таленце і жаданні вяртаць людзям страчанае.
Рабочы кабінет выкладчыка педуніверсітэта Івана Кірчука — частка асабістага музею фальклору. З часам фальклор стаў галоўным сэнсам яго жыцця, таму кожны экспанат успрымаецца як нешта цудоўнае і чарадзейнае.
Чытайце, што некалькі гадоў таму распавядаў пра сваё жыццё і пакліканне Іван Кірчук Аляксандру Тамковічу.
Містэрыі старажытнага
Думаю, лагічна пачаць менавіта з Калядных святаў, бо калядныя абрады чымсьці нагадваюць жывыя батлеі. У розных рэгіёнах Беларусі людзі калядавалі па-рознаму, таму вызначыць нейкую ўніверсальную колькасць масак немагчыма па вызначэнні.
Напрыклад, ёсць варыянты, дзе калядуюць адразу некалькі гуртоў. Са студэнтамі мы распрацавалі розныя варыянты сцэн, а з завочнікамі нават знялі відэа, дзе на падворку гаспадара сустрэліся адразу тры гурты. У кожнага з іх была свая «каза», і гучалі тры варыянты калядных напеваў. Так, тры розныя танцы і напевы аб’ядналіся ў адну вялікую сцэну.
У маёй калекцыі шмат масак. Акрамя «казы» ёсць, напрыклад, «дзед і баба», «цыган з цыганкай», «конь і салдат», «цар і царыца», «чорт і смерць», «анёлы» і — успамін пра Смаргонскую акадэмію — «мядзведзь».
У даўніну такія маскі рабілі толькі на святы, а потым іх спальвалі, бо для людзей, якія верылі ў Бога, захоўваць іх лічылася вялікім грэхам. Не палілі толькі Калядную Зорку, таму што яна лічылася Віфлеемскай.
Мае маскі зроблены прафесійным бутафорам тэатру імя М. Горкага Іванам Міцько.
Першую класічную «Батлейку» я зладзіў у 1989 годзе. Быў такі майстар (на жаль, ужо памерлы) Васіль Цішко. Яго каманда распрацавала вялікія (80 сантыметраў) лялькі для «Батлейкі», з якой можна было выступаць на буйных пляцоўках горада. Менавіта тады я быў рэжысёрам гарадскіх святаў на Машэрава, праводзіў там і «Купале», і «Каляду», і іншыя мерапрыемствы.
На жаль, зараз той «Батлейкі» ў мяне не засталося. Прыйшлося яе пакінуць у Цэнтры этнаграфіі і фальклору «Каляндар», але гэта стала своеасаблівым штуршком. Я пачаў збіраць адпаведныя матэрыялы, а ў наступным годзе (1990) паехаў да знаўца даўніны і майстра музычных інструментаў Алеся Лася ў Залессе, які даў мне кансультацыю па ляльках.
На маю просьбу майстар Анатоль Муравейка зрабіў прыгожую і невялікую «Батлейку» (метр на метр), за якой мог працаваць усяго адзін чалавек. Яна была ў выглядзе царквы — трохярусная: «зямля», «неба» і «пекла». Падчас выступленняў змяняліся толькі крыжы (праваслаўныя і каталіцкія), для розных сцэнарыяў.
З гэтай «Батлейкай» у 1999 годзе я праехаў амаль усю Боснію і Герцагавіну. 10 гарадоў плюс тэатральны фестываль у Сараева. Выступаў пераважна ў школах, бальніцах, якія толькі-толькі паспелі наладзіць сваю работу пасля вайны. Нягледзячы на тое, што ў іх краіне няма такой традыцыі, «Батлейку» ўспрымалі добра.
Выключэннем стаў толькі выпадак у горадзе Мостар. Памятаю, дзяцей сабралася так шмат, што нават падумалася наконт мікрафона, і тут — нечаканы званок. Усе дзеці пабеглі ў класы.
Потым высветлілася, што праблема ўзнікла з-за крыжоў маёй «Батлейкі». Аказалася, пад царкоўным крыжам падчас вайны расстралялі жонку і дзяцей дырэктара той школы. Прыйшлося тэрмінова замяніць «Батлейку» на маскі і музычныя інструменты…
Увогуле, рэлігійныя моманты для тых мясцін былі асабліва знакавымі. Уявіце: з аднаго боку рэчкі спаленыя праваслаўныя цэрквы, з другога — парушаныя мячэці. Значна дапамагло тое, што перакладчыкам у мяне быў мусульманін, які працаваў у гэтай якасці яшчэ ў былой Югаславіі.
Дарэчы, лялечныя тэатры ёсць у розных краінах Еўропы. У нас — «батлейка», у палякаў — «шопка», у рускіх — «вярцеп».
Па майму перакананню, з духоўнай спадчынай трэба абыходзіцца вельмі асцярожна. Асабліва з абрадамі, дзе за кожным стаіць пэўны людскі досвед. Рэканструкцыяй абрадавых святаў я займаюся з 1983 года і лічу гэтую тэму для сябе самай балючай.
Сумна глядзець, як памылкі становяцца правілам. Напрыклад, на купальскім вогнішчы спальваюць рэчы хворага, і ўсе праз агонь скачуць, не разумеючы, што гэтага рабіць нельга ні ў якім разе!
Альбо возьмем вясельныя абрады. Ніколі не было ў нас традыцыі ўпрыгожваць вясельны транспарт паветранымі шарамі. Як трапна заўважыла адна мая студэнтка, атрымліваецца «надзмутае шчасце». Не ўпрыгожвалі іх і лялькамі — імітацыяй дзяцей. Нельга арыентавацца на натоўп. Людзей трэба прывучаць да правільнага разумення спадчыны продкаў з самага дзяцінства.
Золак жыцця
Маё дзяцінства пачалося 14 верасня 1958 года ў горадзе Ліда. Нейкі час нават літаратурны псеўданім быў «Ян Ліда», але прыйшлося ад яго адмовіцца, бо падпісваць несапраўдным прозвішчам тыя ж навуковыя работы па фальклору было б няправільна.
Бацьку звалі Іван Казіміравіч. Бацька быў высокі, дужы. Вышэй за мяне. Пад два метры ростам. Маці завуць Гэлена Тамашаўна. Дзякуй Богу, яна жывая па наш дзень, хаця з-за цукровага дыябету ўжо тры гады нічога не бачыць. Яе даглядае сястра Ала, якая выкладае ў Лідскай музвучэльні па класе «акардэон».
Этнічна бацькі, як і многія ў нашых мясцінах, палякі, таму да шасці гадоў я размаўляў толькі на польскай мове.
Бацькі прыгожа спявалі ў касцельным хоры падчас набажэнстваў і часта бралі мяне з сабой. У тыя часы атэізму дзяржава ставілася да ўсяго рэлігійнага агресіўна-варожа. Мяне таксама выклікалі да дырэктара і дапытвалі, чаму я хаджу туды.
Першыя дзіцячыя ўспаміны ў мяне звязаны з Калядамі і навагоднімі святамі, з падарункамі, набыць якія тады было праблемай. Калі наша суседка ў Маскве набыла алавяных салдацікаў, а потым аднаго з іх падарыла мне, гэта была падзея. Я, пяцігадовы тады хлопчык, ледзь не страціў прытомнасць...
Запомніўся мне прыезд да нас у мой перадшкольны год бабулі Кацярына з-пад Гародні. Яна таксама была палькай, але размаўляла ўжо на «трасянцы». З гэтай прычыны ў яе з маёй маці перыядычна былі спрэчкі, бо тая не вельмі хацела, каб дзеці размаўлялі менавіта так.
У хаце гучалі розныя песні — і польскія з беларускімі, і ўкраінскія з рускімі. І нават літоўскія, таму што мая мама нарадзілася ў Літве. Спявалі ўсё, што тады гучала. Акрамя, натуральна, тых народных песняў, якія ведалі толькі нашы бабулі і дзядулі.
Дарэчы, дзед па лініі маці Тамаш быў з даволі багатай сям’і, а яго браты выраблялі скрыпкі і акардэоны. Ён жыў у Варшаве, дзе меў уласны маёнтак, млын. Потым быў раскулачаны саветамі.
У дзеда Тамаша і бабулі Паўліны было 14 дзяцей. Многія з іх добра спявалі, так што мае гены, напэўна, адтуль. Да таго ж бацька меў патэфон. Ён быў зацятым збіральнікам запісаў, выдатна ведаў папулярныя аперэты, асобныя арыі мог праспяваць літаральна адзін да аднаго. Я з дзяцінства запомніў італьянскія песні ў выкананні Раберціна Ларэці.
Пасля васьмігодкі я вырашыў пайсці вучыцца на марака, таму што ім быў брат маці, які жыў у Рызе. Але бацькі не зразумелі гэта памкненне, моцна спужаліся і нікуды не пусцілі.
Мой бацька працаваў тады інжынерам будаўнічай арганізацыі, якая якраз будавала ў Лідзе першую музычную вучэльню, і параіў абраць менавіта яе. У тым узросце я яшчэ не мог яму пярэчыць, таму пагадзіўся без спрэчак.
Ніякай музычнай адукацыі ў мяне не было, але я вельмі добра спяваў. У той час у Гародні быў музычны фестываль, які называўся «Вам наши песни». Я атрымаў там узнагароду і быў накіраваны ў Саюз кампазітараў на праслухоўванне.
Але там здарыся канфуз — мутацыя голасу. Запусціў «пеўніка». Спалохаўся. На шчасце, там усё зразумелі і прынялі па спецыяльнасці «харавое дырыжыраванне». Першы год спяваў фальцэтам у жаночым хоры. Атрымлівалася амаль анекдатычна: адкрываецца сцэна, аб’яўляюць жаночы хор лідскай музвучэльні, і тут — у цэнтры я з «бабачкай».
Яшчэ ў мяне ёсць дзве малодшыя сястры — Ала і Марыя. Яны таксама пашлі «музычным» шляхам. Ала абрала акардэон, а Марыя — цымбалы, праўда, зараз яна працуе ў іншай галіне.
Падчас вучобы захацелася займацца сур’ёзнай музыкай. У мяне былі розныя гурты, з якімі ігралі на танцах, але марылася пра нешта большае. Мне падабаліся вершы Гётэ, Байрана, Шэкспіра, і я пачаў пісаць на іх мелодыі. Потым рабіць з іх харавыя партытуры. Некаторыя з іх у выкананні хору «Менка» пад кіраўніцтвам Уладзіміра Сінельніка на 6–8 галасоў пазней усё ж такі прагучалі.
Аднак лёс унёс у гэтыя планы пэўныя карэктывы. Пасля вучэльні я трапіў у армію, дзе ў чыгуначных войсках праслужыў з 1977 па 1979 гады. Першы год у Яраслаўлі. Стварыў ВІА «Алавяны салдацік», але хутка атрымаў спагнанне за такую недарэчную назву. Тады мы пераназваліся «Грэнадзёрамі». Спяваў, граў на клавішах.
Другі год службы праходзіў на БАМе — у тайзе валілі лес, будавалі дарогі, масты. Было зусім не да музыкі, таму «на гражданку» вярнуўся разгубленым. Не ведаў, што буду рабіць.
Потым крыху, як гаворыцца, агледзеўся і пачаў збіраць дакументы для паступлення ў кансерваторыю. Праслухоўваўся ў прафесара Віктара Роўды. Паказаў свае творы. Яму спадабалася. Параіў рыхтавацца да экзаменаў.
Але я спужаўся, што пасля БАМУ мне не хапае падрыхтоўкі. Тым больш, што ў той час паступала «адзінаццацігодка» — усе з выдатнай музычнай адукацыяй. Патэлефанаваў сваёй знаёмай, жонцы кампазітара Віктара Войцека — Святлане, якая выкладала ў мяне ў музвучэльні. «Зараз працую ў інстытуце культуры, — сказала яна, — у прафесара Станіслава Дробыша. Ёсць цікавыя задумкі наконт народна-харавых спеваў. Прыходзь да нас!»
Так і зрабіў. Здаў уступныя экзамены і стаў студэнтам Мінскага інстытута культуры.
Менестрэлі лёсу
У 1980 годзе ў Мінск прыехаў знакаміты расійскі фальклорны ансамбль Дзмітрыя Пакроўскага. І гэта быў не той рускі фальклор, які сёння паказваюць выканаўцы накшталт Бабкінай. Ансамбль Пакроўскага праз песні паказаў Поўнач, Поўдзень Расіі, Байкал, казакоў і г.д.
Добра памятаю, што тады мяне вельмі здзівіла, што ўсе песні былі выкананыя ў розных манерах, як гэта спяваюць у розных расійскіх рэгіёнах. А не ў той псеўдарускай манеры, якую прапагандавалі Зыкіна, Мардасава, завадскія, фабрычныя альбо школьныя хары. Тады я і вырашыў, што буду займацца фальклорам, таму што Беларусь таксама вельмі цікавая краіна. У нас — межы з Латвіяй, Літвой, Польшчай, Украінай, Расіяй, цудоўная культурная спадчына.
У 1982 годзе я перавёўся на завочнае аддзяленне і пайшоў працаваць у Мінскае культпрасветвучылішча. Дарэчы, там пачаў збіраць уласны этнаграфічны музей.
Першая экспедыцыя была ў вёску Сарачы Любанскага раёна Мінскай вобласці. Там Шмялёва Пелагея Міхайлаўна спявала мне з дзесяці гадзін раніцы да часу ночы.
Адзін раз толькі перарвалася «пакарміць курачак». Я запісаў 100 песняў. А потым яна кажа: «Гэта песні не мае». Я вельмі здзівіўся і спытаў: «Чаму?». Яна ў адказ: «Гэта песні маёй маці». Я здзівіўся яшчэ больш, бо сам ведаў толькі некалькі песняў маці, а тут — 100 штук.
Многія з гэтых песняў увайшлі ў праграму фальклорнага калектыву «Дзіва», з якім я потым працаваў, частка — у сольныя праграмы, а некаторыя былі выкарыстаны падчас заняткаў са студэнтамі. Зараз гэтыя матэрыялы апрацоўвае «Троіца».
Падчас працы ў вучылішчы пачаў пісаць праграмы і сцэнарыі пастановак абрадаў, свят, бо дагэтуль іх проста не існавала. Потым дзяржаўныя экзамены па рэканструкцыі абрадаў нават здымала Беларускае тэлебачанне.
У 1985 годзе паступіў у аспірантуру да прафесара Канстанціна Кабашнікава, але скончыць яе не атрымалася, таму што было шмат гастроляў з фальклорным ансамблем «Дзіва». Так што зараз я маю пасаду дацэнта, але не маю навуковай ступені. Як і розных творчых званняў, дарэчы. Аднойчы гэта нават стала прычынай для даволі камічнай сітуацыі.
У 1996 годзе мы некалькі разоў ездзілі з канцэртамі гурту «Дзіва» на Кубань па запрашэнні Кубанскага казацкага хору, якім кіруе Віктар Захарчанка. Пасля чарговага выступу (чацвёртага, здаецца) ён спытаў, чаму ў Беларусі на мяне не звяртаюць увагу. Я патлумачыў тым, што з гэтай нагоды не грукаю ў дзверы кабінетаў чыноўнікаў Міністэрства культуры.
Тады Захарчанка і пяць мясцовых прафесараў-музыкаў напісалі адпаведны ліст беларускаму прэзідэнту. Але за гэтым далей нічога не адбылося.
На жаль, за мяжой нас больш ведаюць, чым у самой Беларусі. Нават быў такі выпадак, калі пасля выступу ў беларускім санаторыі Сочы на сцэну падняўся чарговы беларускі міністр культуры і кажа: «Адкуль вы? Чаму я вас не ведаю?»
І быў вельмі здзіўлены, што гурт з Мінска працуе ўжо дзесяць гадоў. Аказалася, ён нас ніколі не бачыў.
Нараджэнне «Троіцы»
А нарадзілася «Троіца» так. У 1995 годзе я працаваў намеснікам дырэктара Нацыянальнага цэнтра дзяцей і моладзі на вуліцы Кірава. Да мяне завіталі два знаёмых музыкі — Віталь Шкілёнак і мой былы студэнт Зміцер Лук’янчык. Яны і прапанавалі зладзіць новы гурт.
Даводзілася чуць, што «Троіца» было створана ў піку «Палацу». «Палац» граў электронную музыку. Мы абралі іншае — акустычнае, натуральнае гучанне музычных інструментаў. Зрабілі некалькі песняў, якія паказалі на імпрэзах, арганізаваных шэрагам замежных амбасад.
Нашы песні вельмі спадабаліся дыпламатам. Яны казалі, што гэта надзвычай падобнае да іх родных песняў. Мы шчыра здзівіліся таму, што чыста беларускія кампазіцыі могуць быць такімі блізкімі французам альбо швейцарцам. Відаць, аранжыроўкі, гучанне народных інструментаў нагадалі ім нешта сваё, роднае.
Пасля такой пахвалы, натуральна, паверылі ў свае сілы, сталі больш працаваць. І нас запрасіў на рок-фестываль у Піцер Юры Шаўчук. Зноў прыемна здзівіліся.
Перад паездкай у Санкт-Пецярбург ён прапанаваў выступіць перад яго канцэртам у Мінску. І прадставіў нас цудоўнымі словамі: «Зараз выступяць музыкі, якія мне вельмі падабаюцца, але вы іх не ведаеце».
Пасля паспяховага выступу ў Піцеры, Стас Намін запрасіў на фестываль этнічнай музыкі на Чырвонай Плошчы. Пра нас загаварылі. У тым ліку і ў Беларусі.
Мы аддалі касету з запісамі нашых песняў на беларускі конкурс «Уступи дорогу» , а самі паехалі на гастролі за мяжу. Пакуль гастраліравалі, касета заваявала першая месца, і нам далі «гадзінкі» працы ў студыі. Гэта дазволіла зрабіць запіс першага дыска з назвай «Троіца».
З гэтага ўсё і пачалося.
У цэнтры дзяцей і моладзі я працаваў толькі два гады, а ўжо ў 1997-м стаў выкладаць на кафедры этналогіі і фалькларыстыкі Дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Займаюся гэтым ужо больш як сямнаццаць гадоў.
Літаральна некалькі словаў пра асабістае. Я тройчы жанаты. Ад кожнага шлюбу па сыну. Са старэйшымі (33 і 26 гадоў), на жаль, ніякіх адносін няма. 14 гадоў жыў адзін. А некалькі год таму на маім жыццёвым шляху сустрэлася Кацярына. Яна таксама займаецца фальклорам, аспірантка і выкладчык ва ўніверсітэце. У мінулым годзе нарадзіла мне сына Стэфана.
Аўтабаны фальклору
З «Троіцай» (у якасці гурту) мы аб’ехалі шмат краін. Але ў пачатку 1999 года адчулі творчы крызіс і вырашылі скончыць сумесную работу. На той момант я ўжо быў запрошаны на фестываль у Венгрыю і з лялечным тэатрам «Батлейка» ў Боснію. Вырашыў ехаць адзін. Усё гэта ёсць у кнізе «Аўтабаны і менестрэлі».
Сольныя канцэрты і тэатральныя выступы прайшлі выдатна, пасля іх наш даўні сябар Марцін Voorbij прапанаваў шэраг новых праектаў, у тым ліку і стварэнне новай «Троіцы».
Адзін з маіх студэнтаў гітарыст Юрый Дзмітрыеў пагадзіўся паспрабаваць. Гэтак жа, як і мой добры знаём Юрый Паўлоўскі, які працаваў у гурту «Князь Мышкін».
Атрымалася. Ужо праз месяц паехалі на буйны фестываль у Галандыю. У дзень было па тры выступы — раніцай для дзяцей лялечны спектакль батлейкі, потым днём і вечарам канцэрты. І гэтак 10 дзён!
У 1999 годзе пачало працаваць этнатрыа «Троіца», якое на сённяшні дзень мае каля ста ўдзелаў у замежных фестывалях (ад Малайзіі да Партугаліі), саўндтрэкі да фільмаў і пяць кампакт-дыскаў.
На шчасце, сёння ўвага да фальклору крыху пабольшылася. На тым жа фестывалі «Камяніца» было больш за сем тысяч гледачоў. А адбываецца ўсё, на мой погляд, па вельмі простай прычыне — ёсць глеба. Адных толькі тамоў серыі «Беларуская народная творчасць» ужо, напэўна, каля пяцідзесяці. Плюс сотні, а то і тысячы запісаў песняў бабулек, якія памятаюць свае мінулае.
Гэта плюсы.
Мінусы ж у тым, што зараз фактычна няма пляцовак, дзе людзі маглі б паказваць сваю творчасць. Што такое два-тры фестывалі на ўсю краіну? Дробязь. Напрыклад, у Канадзе на кожны год прыходзіцца некалькі сотняў (па розных накірунках) фальклорных фестываляў.
Альбо фестываль «Zeget» у Венгрыі. Там можна згубіцца. Сорак пляцовак працуюць цэлы тыдзень. Людзі па каталогах выбіраюць тое, што ім больш падабаецца.
У той жа Галандыі на розных фестывалях мы працавалі сем гадоў. І не толькі ў буйных гарадах. Фэсты праходзілі ў маленькіх вёсачках. Галандцам гэта надзвычай цікава.
У фальклорным жанры ў заходніх краінах працуюць дзясяткі, сотні калектываў. А ў нас? Акрамя «Тройцы» — «Палац», «Крыві», Маша Яр… Чыста фальклорных гуртоў катастрафічна мала.
Зараз я даволі часта сустракаюся з кіраўнікамі творчых калектываў і чую адно і тое ж. Яны могуць падрыхтаваць праграму, але не ведаюць, дзе яе можна паказаць.
Задаюць пытанні наконт нашага ўдзелу ў замежных фестывалях. Адказваю, што, як і ўсе, мы шукаем патрэбную інфармацыю ў інтэрнэце, альбо нешта знаходзім з дапамогай знаёмых. Гэта зараз, а бывалі часы, калі мы рассылалі па фестывалях да 500 дыскаў з запісамі сваіх песняў і не атрымлівалі аніводнага станоўчага адказу.
Мы маем багаты архіў фальклорных спеваў. Падчас экспедыцый я аб’ехаў амаль усю Беларусь, адных толькі бабін (хто пажыў, ведае, што такое «магнітныя стужкі») з запісамі маю каля сотні, плюс касеты.
З экспедыцый запомнілася нямала. У 1986 годзе, напрыклад, у вёсцы Гаўрычыцы Салігорскага раёну я запісаў выдатны мужчынскі спеў, які потым прывёз на рэспубліканскае радыё. Спявалі так, што ў мяне, як кажуць, ад захаплення валасы на галаве «ўставалі дыбам». Цяпер гэта вядомы сямейны калектыў Бойкаў.
Не магу таксама не ўспомніць вёсачку Гоцк, што недалёка ад Гаўрычыц. Акрамя запісу песняў я збіраў рэчы для музейнай калекцыі і розных абрадаў. Зайшоў у адну хатку — дзве бабулькі, вельмі чысценька, усё саматканае. Уражаны спытаў, як ім удалося зберагчы гэтую прыгажосць падчас вайны? Расказалі, што вышываныя рэчы яна хавалі ў куфар і закапвалі.
Паміж маімі першай і апошняй экспедыцыямі — больш як чвэрць стагоддзя і вельмі шмат зменаў. На жаль, не ў лепшы бок. І не толькі таму, што пайшлі з жыцця цудоўныя выканаўцы беларускага фальклору. Вельмі моцна густ нашых людзей сапсавала тэлебачанне. Перадачамі накшталт «Запрашаем на вячоркі» альбо «Спявай душа». Людзей робяць аднолькавымі, перарабляюць шчырасць у шоў. Калі бабуля ў нацыянальным строі на сцэне сядае на шпагат, то ніякага фальклору тут не можа быць і блізка. Мне здаецца, гэта не рэжысура нейкага свята, а здзекі з нашага мінулага.
Дзеля таго, каб іх запрашалі на тэлебачанне, калектывы становяцца падобнымі адзін да аднаго, а ўвесь фальклор абмяжоўваецца песнямі «Цячэ вада ў ярок» і «Ехаў Ясь на кані».
На мой погляд, галоўная праблема нашай краіны ў тым, што беларускае застаецца недзе ўбаку. Мы захапляемся іншымі культурамі (японскай альбо кітайскай, напрыклад) і не звяртаем увагі на сваё. Некаторыя на гэтай зацікаўленасці зарабляюць добрыя грошы.
У верасні 2014 года выйшла яшчэ адна мая кніжка «Гарыць свечка ля алтара...». У яе ўвайшлі мае сны, іх расшыфроўкі, вершы, складзеныя ў дарозе, трошкі прозы, успаміны пра наведванне святых мясцін, запісы, звязаныя з медытацыямі, духоўнымі практыкамі. Ёсць штосьці і аб «Троіцы», думкі пра продкаў, род, сям’ю, Беларусь. Ёсць там нават мае малюнкі.
Як вядома, попыт нараджае прапанову. Упэўнены, калі б зварот да культурнай спадчыны продкаў пачынаўся ў сям’і, умацоўваўся ў дзіцячым садку, школе, вышэйшых навучальных установах, вынікі былі б зусім іншымі.