Беларусы трапілі ў топ-20 уладальнікаў крыптавалют

Па колькасці крыптагаманцоў на душу насельніцтва беларусы ўваходзяць у топ-20 рэйтынгу, складзенага UNCTAD. Нашу краіну змясцілі на 19-е месца.

majning_kriptovalyuta_1536x1024.jpg


У ліку лідараў Украіна, Расія і Венесуэла, піша REFORM.by.

У справаздачы адзначаецца, што 15 з 20 краін з рэйтынгу адносяцца да краінаў, якія развіваюцца.

valyuta_1.jpg


Ёсць дзве асноўныя прычыны, па якіх жыхары гэтых краін звяртаюцца да крыптавалют — пандэмія і фінансавая нестабільнасць.

Падчас пандэміі з-за дарагоўлі традыцыйных каналаў перакладу грошай крыптавалюты сталі больш прывабнымі для адпраўкі грашовых пераводаў. Па-другое, на фоне абясцэньвання валют і росту інфляцыі крыптавалюты ўспрымаліся як спосаб абараніць зберажэнні хатніх гаспадарак.

Адзначым, у Беларусі папулярнасць крыптавалют таксама звязаная з рэпрэсіямі ўладаў у дачыненні да сваіх апанентаў і спробай перакрыць каналы дапамогі рэпрэсаваным.

У цэлым крыптавалютная экасістэма пашырылася на 2300% у перыяд з верасня 2019 года па чэрвень 2021 года, асабліва ў краінах, якія развіваюцца, гаворыцца ў даследаванні. Вядучую ролю тут граюць крыптабіржы, якія выступаюць як клірынгавыя цэнтры, выконваючы пасрэдніцкія аперацыі па абмене паміж крыптавалютамі і суверэннымі валютамі.