«Белшына» спыніла на тыдзень тры свае заводы
Кіраўніцтва заяўляе, што прычына – планавае тэхналагічнае абслугоўванне абсталявання дзеля выяўлення непаладак і падтрымання бесперабойнай працы прадпрыемства.
Паводле начальніка аддзелу ідэалагічнай працы Юрыя Андрэеўскага, заводы масавых, буйнагабарытных і звышбуйнагабарытных шын спынілі 17 лютага. Завод звышбуйнагабарытных шынаў прастаіць да 1 сакавіка, паколькі, як кажа Андрыеўскі, ён выканаў вытворчую праграму лютага. Астатнія адновяць працу 21 лютага.
Работнік заводу масавых шын паведаміў радыё «Свабода», што 16 лютага калектыў пераведзены на 2/3 тарыфнай стаўкі акладу на чатыры дні. Па ягоных словах завод збіраюцца запусціць 21 лютага, але «гэта няпэўна».
Ён кажа, што з сярэдзіны студзеня вытворчасць заводу не была загружанай і яго меліся спыніць на пачатку лютага, бо нібыта не хапала сыравіны.
Адклалі спыненне, бо чакалі прыезду прадстаўніка адміністрацыі Лукашэнкі.
Работнік паведаміў таксама, што завод звышбуйнагабарытных шынаў «дужа часта прастойвае». Яго спынілі раней, але калі прыехаў прадстаўнік прэзідэнцкай адміністрацыі, то часова запусцілі, а потым зноў спынілі.