Беларусь бярэ ў Расіі крэдыт на 760 мільёнаў долараў

Пагадненне падпісанае, грошы будуць вылучаныя бліжэйшымі днямі.



index34.jpg

24 ліпеня ў Маскве падпісанае міжурадавае пагадненне пра прадастаўленне Беларусі крэдыту на 760 мільёнаў долараў. Па звестках Міністэрства фінансаў Беларусі, у Мінск гэтыя грошы павінны прыйсці бліжэйшымі днямі.

Крэдыт выдаецца ў расійскіх рублях на 10 гадоў, уключна з чатырохгадовым ільготным перыядам.

Гэты крэдыт выдаецца для абслугоўвання і пагашэння крэдытаў, раней выдадзеных Беларусі Расіяй і Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця. Сёлета Расія ўжо вылучала Беларусі новы крэдыт у 110 мільёнаў долараў для пагашэння крэдыту, выдадзенага ў 2010 годзе.

На думку эканаміста Леаніда Злотнікава, знешняя запызычанасць Беларусі не такая і вялікая, аднак без новых крэдытаў краіну чакае фінансавы крах.

«Калі не будзе крэдытаў без дадатковага даходу ад экспарту, праз 3-4 месяцы краіна будзе ў стане тэхнічнага дэфолту, як Грэцыя. Расія зараз абяцае 3 мільярды… Просяць у МВФ. Але крэдыты зараз даюць скупа. Крэдытны рэйтынг Беларусі нізкі — няма магчымасці аддаваць папярэднія крэдыты, калі не возьме новыя», — адзначыў Злотнікаў.

Паводле БЕЛТА