Бюджэт краіны прымуць за дзень?
Праект рэспубліканскага бюджэту на 2016 год паступіў 16 снежня ў Палату прадстаўнікоў. Не выключана, што ў першым чытанні дакумент будзе разгледжаны ўжо ў чацвер, 17 снежня, у другой палове дня.
![belrub_valiuta.jpg belrub_valiuta.jpg](/img/v1/news/full/belrub_valiuta.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Між тым, сесія Палаты прадстаўнікоў закрываецца 18 снежня, зазначае БелаПАН.
Праект рэспубліканскага бюджэту на 2016 год сфарміраваны з прафіцытам у 17,2 трлн. рублёў, які плануецца выкарыстаць на абслугоўванне дзяржаўнага доўгу. У наступным годзе плацяжы Беларусі па абслугоўванні і пагашэнні дзярждоўгу складуць 3,3 млрд. долараў.
Паводле звестак Мінфіна, выплаты па дзярждоўгу ў наступным годзе будуць прафінансаваныя за кошт як непазыковых крыніц (паступленняў ад вывазных пошлін на нафтапрадукты), так і шляхам прыцягнення дзяржаўных пазыкаў.
Як паведамлялася раней, Беларусь вядзе перамовы з Міжнародным валютным фондам і Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця аб прыцягненні новых крэдытаў на агульную суму да 6 млрд. долараў. Апрача таго, беларускі ўрад абмяркоўвае з расійскімі банкамі магчымасць размяшчэння новага выпуску аблігацый.