Эксперт: падзенне коштаў нафты можа прывесці да 100%-най дэвальвацыі ў Беларусі

Новы гістарычны антырэкорд. Беларускі рубель чарговы раз рухнуў у адносінах амерыканскай валюты падчас гандлю на Беларускай валютна-фондавай біржы. Цяпер 1 долар каштуе 18.350 беларускіх рублёў.



neft_2.jpg

Беларускі рубель залежыць ад расійскага, а той напярэдадні абнавіў гістарычны мінімум — за долар даюць 70 з паловаю расійскіх рублёў. Моц расійскага ж рубля завязаная на коштах нафты. А яе цана за апошнія дні ўжо стала прапісалася на адзнацы, ніжэйшай за 40 долараў за адзін барэль, зняпраўджваючы колішнія прагнозы кіраўніцтва Расіі.

Гэтак, летась Уладзімір Пуцін заяўляў, што калі кошт на нафту апусціцца хаця б да 85 долараў, эканоміка арабскіх краінаў папросту рухне.

Пакуль жа падзенне цэнаў на чорнае золата руйнуе расійскую эканоміку. Гэтаму працэсу не бачна канца. Бо нафта, паводле большасці прагнозаў, працягне таннець. На гэта можа паўплываць дадатковы фактар. У Кангрэсе ЗША лідары рэспубліканскай і дэмакратычнай фракцыяў дамовіліся аб адмене забароны на экспарт нафты — упершыню пасля нафтавага крызісу 1973 года. Цяпер дакумент мусіць падпісаць прэзідэнт краіны Барак Абама. Шэраг адмыслоўцаў лічаць, што гэта не моцна паўплывае на сусветны рынак.

«Па-першае, таму, што абʼёмы экспарту будуць не занадта вялікімі. Кошт нафты ў ЗША даволі высокі і яна не можа канкураваць на еўрапейскім рынку з тымі ж аравійскімі пастаўкамі. І таму выкіду дадатковых абʼёмаў нафты на сусветны рынак не адбудзецца», — зазначае эканаміст Аляксандр Сінкевіч.

Аднак навіна з амерыканскага Кангрэсу ўжо паспела абваліць кошты на нафту больш як на 2%. Калі ж нафта працягне таннець і далей, на расійскім валютным рынку могуць спраўдзіцца самыя песімістычныя прагнозы, мяркуе эканаміст Сінкевіч. А разам з імі гэты сцэнар можа паўтарыцца і ў Беларусі.

«Калі разглядаць найгоршую сітуацыю, калі нафта будзе каштаваць каля 20 долараў за барэль, курс расійскага рубля можа знізіцца больш за 160 рублёў за долар. Ну і адпаведна беларускі рубель можа пацягнуць дэвальвацыю 50-100% ад сённяшняга курсу», — тлумачыць Аляксандр Сінкевіч.

«Бэнк оф Амэрыка» ужо падлічыў, што калі нафта патаннее нават да 35 долараў, курс у Расіі можа стаць каля 94-х рублёў за 1 долар ЗША. З улікам будучай дэнамінацыі ды складанай сітуацыі ў айчыннай эканоміцы, прагназаваць курс у нашай краіне пакуль ніхто не бярэцца.

Віталь Бабін, Belsat.eu