Эканамічны суд Мінскай вобласці не прызнаў «Забудову» банкрутам

Эканамічны суд Мінскай вобласці адхіліў заяву буйнога будаўнічага дзяржхолдынга «Забудова» аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве).



zabudova.png

Гэтую інфармацыю TUT.BY пацвердзіў кіраўнік холдынгу Дзмітрый Бухта.

«Нам вярнулі дакументы. Суд палічыў нашыя аргументы недастатковымі. Але асабіста я лічу, што ў нас іншага шляху няма. Таму мы падалі апеляцыйную скаргу», — сказаў Бухта. Паводле яго слоў, суд павінен яе разгледзець і прыняць рашэнне.

«Забудова» месціцца ў пасёлку Чысць Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці. У структуру таварыства, якое вядзе сваю гісторыю з 1990 года, уваходзяць завод будаўнічых канструкцый (будматэрыялы з ячэістага і цяжкага бетону, сухія сумесі), дрэваапрацоўчы завод (драўляныя і аконныя блокі), завод дахавай чарапіцы. У статутным фондзе прадпрыемства, на якім працуюць 1,3 тыс. чалавек, 65% акцый належыць дзяржаве.

У апошнія гады «Забудову» скалыналі фінансавыя праблемы. Дастаткова сказаць, што чыстыя страты кампаніі за 2014 склаў 64 млрд. рублёў. На 1 сакавіка бягучага года агульная крэдыторская запазычанасць складала каля 290 млрд. рублёў. Прычыну гэтага становішча кіраўніцтва тлумачыла тым, што на працягу доўгага часу прадпрыемства вымушана брала крэдыты пад высокія працэнты з-за несвоечасовай аплаты за адгружаную прадукцыю.

Першапачаткова на прадпрыемстве разглядалі магчымасць так званага дасудовага аздараўлення. У прыватнасці, была праведзена аптымізацыя колькасці персаналу, продаж няпрофільных актываў, адбывалася вытворчасць толькі рэнтабельнай прадукцыі. Аднак гэтыя меры прыкметнага паляпшэння сітуацыі не далі. Таму кіраўніцтва «Забудовы» і Мінскай вобласці бачыла ў працэдуры санацыі магчымасць вярнуць плацёжаздольнасць. На прадпрыемстве разлічвалі, што на працягу 1-1,5 года яно будзе працаваць без разлікаў за папярэднія даўгі, а потым, выйшаўшы на прыбытковую працу, зможа разлічыцца па крэдытах.