Улады Мінска перадумалі дазваляць правядзенне з’езду БХД
У той час, як з розных установаў Мінска беларускім хрысціянскім дэмакратам працягваюць паступаць адмовы на звароты з просьбай надаць памяшканне для правядзення ўстаноўчага з’езду БХД 13 чэвреня, прыйшоў адказ і з Мінгарвыканкаму на просьбу паспрыяць у пошуку памяшкання.
З'езд БХД, 2011 год
«Пошук памяшканняў для такіх мерапрыемстваў не ўваходзіць у кампетэнцыю Мінскага гарвыканкама», — гаворыцца ў адказе за подпісам намесніка старшыні Ігара Карпенкі.
Разам з тым, у 2011 годзе Мінгарвыканкам дазваляў правядзенне ўстаноўчага з’езду БХД у канкрэтным памяшканні — Палацы культуры МТЗ, належачым УП «Культсэрвіс МТЗ».
Што змянілася ў заканадаўстве Беларусі за чатыры гады, не зразумела. «БХД — адзіная хрысціянска-дэмакратычная партыя Еўропы, якая не мае рэгістрацыі. Мы рыхтуем звароты да хрысціянскіх дэмакратаў Еўропы з просьбай аказаць ціск на ўлады Беларусі, каб яны не перашкаджалі прадастаўленню памяшкання і гарантавалі права на свабоду асацыяцый”, — паведаміў адказны сакратар аргкамітэту БХД Дзяніс Садоўскі.
Паводле прэс-службы БХД