БХД прапануе прыняць закон аб дзецях вайны

Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя прапануе прыняць закон "Аб сацыяльнай абароне дзяцей вайны”. Дзеці вайны - гэта новая льготная катэгорыя грамадзян Беларусі, якія пацярпелі ад Другой сусветнай вайны. Да гэтай катэгорыі павінны адносіцца грамадзяне, якія нарадзіліся з 3 верасня 1927 года па 2 верасня 1945 года ўключна, гэта значыць тыя, каму на дзень заканчэння Другой сусветнай вайны не споўнілася 18 гадоў.



dzieci_vajny.jpg

Таксама БХД прапануе на год адмовіцца ад пампезных святкаванняў, парадаў, а зэканомленыя сотні мільёнаў бюджэтных грошаў перадаць на падтрымку нямногіх ветэранаў і дзяцей вайны.
"Гэта неабходна зрабіць не столькі для матэрыяльнай падтрымкі, колькі для ўшанавання і павагі тых, чыё жыццё было зламана вайной, хто рос і аднаўляў Беларусь у жабрацкіх, амаль катаржных умовах. Без ушанавання мінулых пакаленняў немагчыма будаўніцтва трывалай будучыні”, - адзначыў сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Віталь Рымашэўскі.
"Надышоў час, калі ў поўнай меры, на дзяржаўным узроўні варта паклапаціцца не толькі пра былых франтавікоў, але і дзяцяй ваенных гадоў. Тых людзей, у якіх вайна адабрала дзяцінства, якія аднаўлялі краіну, замяняючы сваіх бацькоў ля станкоў, а сёння жывуць у галечы і моўчкі назіраюць за тым, як новае пакаленне, часам марнатраўна, карыстаецца каштоўнасцямі, створанымі іх працай. Іх уклад да гэтага часу не аплочаны. У снежні 2014 года Лукашэнка сказаў, што дзеці і старыя - гэта галоўны клопат дзяржавы. У 2007 годзе была адменена 50% льгота па аплаце лекаў для людзей якія дасягнулі 70-гадовага ўзросту і шэраг неабходных ільгот для пенсіянераў, гэтая катэгорыя грамадзян засталася з найменшай сацыяльнай падтрымкай дзяржавы”, - падкрэсліла кіраўнік менскай гарадской арганізацыі аргкамітэту Вольга Кавалькова.
bchd.info