Гомель. Самазабойства прадпрымальніцы напярэдадні суда

55-гадовая Тацяна Дубанава загінула, выскачыўшы з акна шматпавярховага будынка за дзень да суду. Старшыня «Перспектывы» выказвае меркаванне, што яе маглі давесці да самазабойства.

samoybistvo_b.jpg

Подпіс да малюнка (калі не змяняць, подпіс будзе выдалены аўтаматычна)

А 4 раніцы 21 чэрвеня 55-гадовая гомельская прадпрымальніца Тацяна Дубанава выскачыла з акна 8 паверха і разбілася насмерць. На наступны прадпрымальніцу павінны былі судзіць.

«Два тыдні таму яна ехала гандляваць у Чачэрск. Па дарозе яе спыніла ДАІ, — пераказвае Анатоль Шумчанка. — Выявілася, што ў яе ў накладной не была пазначаная дата разгрузкі. Калі яна адразу ж упісала дату, ДАІ сказала, што іх гэта не хвалюе, і выклікала АБЭЗ. Тыя завезлі яе ў аддзяленне, прыехала падатковая, яе больш за тры гадзіны мучылі, складалі пратаколы. Натуральна, тавар увесь забралі, выклікалі ў падатковую. Потым яна паехала на гандаль у Буда-Кашалёў, каб "адбіваць" штрафы, дваццаць сукенак везла. І як знарок прыйшлі дзве жанчыны, сфатаграфавалі яе пункт, і яе выклікалі ў падатковую — маўляў, якое права вы маеце гандляваць.

Пасля гэтага яна пачала ўсяго баяцца, стала казаць, што там купляла валюту, там збудавала кватэру, цяпер пра гэта пачнуць пытаць... Потым пачала падскокваць, калі праязджалі машыны. Апошнія дні з яе размоваў з сяброўкамі я так зразумеў, што яна ўсё для сябе вырашыла, развітвалася ўжо з імі.

Заўтра меў быць суд. У яе ўсе думкі былі толькі пра гэта. Казала, што вельмі баіцца таго, што з ёй зробяць, вельмі накруціла сябе. Казала, што з ёй вельмі нахабна размаўлялі ў падатковай: казалі, што дадуць ёй тое і тое... Усе ведалі, што была нармальным чалавекам, сумленным, заўсёды старалася нічога не парушаць. Яе давялі ўсімі гэтымі праверкамі, аблавамі. Гэта сто адсоткаў».

У час, на які было прызначанае пасяджанне па справе Дубанавай, сяброўкі прадпрымальніцы збіраюцца прынесці вянкі да будынка суду. Час і месца пахавання пакуль невядомае. Следчы камітэт прызначыў шэраг экспертызаў, праводзяцца следчыя дзеянні.


www.svaboda.org