Леў Марголін: Зручны час купляць жыллё
Эканаміст Леў Марголін кажа, што цяпер добры час, каб набыць жыллё, але ў беларусаў няма на гэта грошай.
У Мінску цэны на нерухомасць апусціліся на 9-гадовы мінімум. Цана прапановы квадратнага метра ў Менску знізілася да $1268. Гэта звесткі штотыднёвага падліку, апублікаванага Realt.by.
Леў Марголін пракаментаваў сітуацыю на рынку "Радыё Рацыя":
— Нягледзячы на тое, што цэны на квадратныя метры зніжаюцца, беларусы не кінуцца скупляць жыллё, бо любая з’ява мае пад сабой нейкі аб’ектыўны падмурак. У дадзеным выпадку ён заключаецца ў тым, што ў людзей стала менш грошай. Знізіўся попыт, а прапанова застаецца дастаткова вялікай, а можа нават і павялічылася. Таму што зараз і здаваць у арэнду жыллё таксама невыгодна. Цэны зніжаюцца, і гэта аб’ектыўная сітуацыя. Яны пойдуць уверх, калі вырасце попыт.
— Чаму ў Беларусі былі такія касмічныя цэны на кватэры? Жыллё ў сталіцы каштавала нават больш, чым у Германіі…
— Тут прысутнічаў і спекулятыўны момант з боку забудоўшчыкаў, і разуменне, што ўсё-такі ўкладанне грошай у нерухомасць — гэта добрая інвестыцыя. Напэўна, згуляў ролю і той фактар, што камунальныя паслугі былі вельмі танныя, бо ўтрымліваць жыллё не вымагала вялікіх грошай. Той, хто набываў некалькі кватэраў, не думаў пра “камуналку”. А ў той жа Германіі такі нумар не прайшоў бы. Там, калі набыў кватэру, але яе не выкарыстоўваеш, дык умовы будуць вельмі жорсткія. Акрамя таго, некалькі гадоў таму на рынку ў Беларусі адчуваўся недахоп жылля, якое лёгка можна было здаць у арэнду па добрых цэнах. Усё гэта разам і прывяло да таго, што цэны на кватэры раслі, як на дражджах.
— Ці выгадна сёння ўкладаць грошы ў нерухомасць?
— Безумоўна. Калі ў чалавека ёсць грошы, я б параіў менавіта цяпер і набываць жыллё. Сітуацыя ў эканоміцы можа змяніцца, а значыцца, і цэны на квадратныя метры пачнуць расці.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя