Мінімальная заработная плата ў свеце ў 2022 годзе

Аналітыкі Picodi.com праверылі, як змяніўся памер мінімальнай зарплаты ў 64 краінах свету і ці хопіць гэтых грошай, каб забяспечыць мінімальны камфорт для жыцця ў гэтых краінах.

Рэкордны рост

У даследаванні удзельнічалі 64 краіны Еўропы, абедзвюх Амерык, Афрыкі, Азіі і Аўстраліі, у якіх існуе устаноўленая урадам мінімальная заработная плата. У кожнай краіне свае асаблівасці падаткаабкладання: у шэрагу краін мінімальная аплата працы вызваленая ад выплаты падаходнага падатку (Ганконг, Нігерыя, Філіпіны), у іншых жа розніца паміж «чыстай» і «бруднай» зарплатамі дасягае некалькіх дзясяткаў адсоткаў (у Беларусі — 14%). Таму ў даследаванні мы разглядалі сумы нета, г. зн. тыя грошы, якія работнік рэальна атрымлівае на рукі альбо на банкаўскі рахунак.
У 10 з 64 разгледжаных краін памер мінімальнай заработнай платы не змяніўся з мінулага года. Сярод гэтых краін Ізраіль, Філіпіны, Тайланд, В'етнам і Перу. А ў Славеніі на момант правядзення даследавання памер выплат не быў канчаткова зацверджаны.

1_minimalnaja_zarplata_u_sviecie_u_2022_godzie.png


Самым высокім ростам мінімальнай заработнай платы можа пахваліцца Чарнагорыя. Акрамя павышэння мінімальнай зарплаты ў гэтай былой югаслаўскай рэспубліцы была праведзена падатковая рэформа, у выніку чаго мінімальная зарплата вырасла ў параўнанні з мінулым годам з $265 да $514 «чыстымі» (на 103%). Таксама значным ростам мінімальнай зарплаты вызначыліся Аргенціна (55%), Турцыя (50%) і Казахстан (41%).
Беларусь у гэтым рэйтынгу заняла 13-е месца: з 1 студзеня 2022 года мінімальная аплата працы ў краіне вырасла на 14,3% (з 344 рублёў да 393,02 рубля на рукі). У Польшчы «мінімалка» вырасла на 14,6% (11-е месца рэйтынгу), У Расіі — на 8,6% (24-е месца), ва Украіне — на 8,3% (25-е месца), а ў Літве — на 13,8% (14-е месца).

Харчаванне без далікатэсаў

Для дадзенага даследавання аналітыкі сфармавалі ўмоўны харчовы кошык і супаставілі кошт прадуктаў з мінімальнай заработнай платай. У кошык патрапілі: хлеб, малако, яйкі, рыс, сыр, мяса, садавіна і гародніна. Хоць спіс гэты вельмі бедны, але прадукты, якія змяшчаюцца ў ім (у названых колькасцях), здольныя задаволіць мінімальную неабходнасць у пажыўных рэчывах сярэднестатыстычнага дарослага чалавека.

  • Малако (10 літраў) — 17 р;
  • Хлеб (10 боханаў) — 13 р;
  • Рыс (1,5 кг) — 4 р;
  • Яйкі (20 шт.) — 6 р;
  • Сыр (1 кг) — 14 р;
  • Мяса (6 кг) — 74 р;
  • Садавіна (6 кг) — 20 р;
  • Гародніна (8 кг) — 20 р.

Кошт такога прадуктовага кошыка на пачатак 2022 года складае 167 рублёў. У параўнанні з пачаткам 2021 года такі набор падаражэў на 5,5%.

2_ci_mozna_prazyc_u_bielarusi_na_minimalnuju_zarplatu_u_2022_godzie.png


Асноўныя прадукты харчавання, якія забяспечваюць адно толькі выжыванне, складаюць 42,6% ад мінімальнай аплаты працы пасля выплаты падаткаў. У мінулым годзе аналагічны прадуктовы кошык складаў 46,1% ад мінімальнай зарплаты. Гэта значыць, што рост заробку ў Беларусі апярэдзіў рост коштаў.

Дзе можна выжыць, атрымліваючы мінімальную зарплату?

У кожнага чалавека свае харчовыя звычкі, якія залежаць і ад краіны пражывання, і ад сям'і. Тым не менш, мы вырашылі параўнаць кошт адных і тых жа прадуктаў у розных краінах і праверыць, які адсотак ад афіцыйнага мінімальнага даходу пойдзе на пакрыццё базавага прадуктовага кошыка.
Першыя месцы ў гэтым рэйтынгу занялі Вялікабрытанія, Ірландыя і Аўстралія: суадносіны кошту прадуктовага кошыка да мясцовай мінімальнай аплаты працы ў гэтых краінах вагаецца ад 6,6% да 7,3%.

3_kost_asnounaha_charcavannia.png


Беларусь у гэтым рэйтынгу займае 54-е месца сярод 64 краін. З вынікам 42,6% яна апярэджвае Расію (45,9% і 55-е месца), Казахстан (50,2%, 56-е месца). Вышэй па рэйтынгу размясціліся Польшча (14,6%, 17-е месца), Малдова (41,7%, 53-е месца), Украіна (36%, 47-е месца).
У няпростай сітуацыі аказаліся грамадзяне Арменіі, Узбекістана, Індыі, якія атрымліваюць мінімальную аплату працы: тут сціплы харчовы кошык паглынае каля паловы зарплаты. У сваю чаргу, у Нігерыі мінімальнай заработнай платы не хопіць нават на бедны набор прадуктаў.

Метадалогія і крыніцы даных

У дадзеным даследаванні параўноўваліся стаўкі мінімальнай аплаты працы, актуальныя на студзень 2022 года, са стаўкамі на студзень 2021 г. Даныя ўзятыя з афіцыйных старонак урадаў альбо адпаведных міністэрстваў. Не ўлічваліся краіны, у якіх памер заработнай платы вызначаецца прафсаюзамі і ў якіх няма устаноўленай законам мінімальнай зарплаты (напрыклад, Швейцарыя, Італія, Сінгапур і краіны Паўночнай Еўропы). Для краін, дзе мінімальная заработная плата вар'іруецца ад рэгіёна да рэгіёна (В'етнам, ЗША, Тайланд, Філіпіны), разлічвалася і выкарыстоўвалася сярэдняе арыфметычнае. Сума пасля выплаты падаткаў была атрымана з дапамогай мясцовых падатковых калькулятараў.
Выкарыстаны ў даследаванні набор прадуктаў з'яўляецца ўмоўным, створаным выключна для статыстычных мэтаў. Названыя аб'ёмы былі разлічаны на аснове рэкамендацый некаторых міністэрстваў аховы здароўя датычна мінімальных нормаў спажывання прадуктаў харчавання. Цэны на прадукты, якія выкарыстоўваюцца ў дадзеным даследаванні, узятыя з сайта numbeo.com, дзе збіраюцца тысячамі карыстальнікаў з усяго свету. Для канвертавання валют выкарыстоўваўся сярэдні курс Google Finance за IV квартал 2021 г.