Мінскі хлебазавод патаннеў на $4 мільёны

Хлебазавод №1, размешчаны ў самым цэнтры Мінска, зноў выстаўлены на аўкцыён. У параўнанні са снежнем 2012 пачатковы кошт прадпрыемства паніжаны на 17,4 млрд рублёў і складае 108 159 197 237 рублёў ($10,5 млн паводле курса Нацбанка). З улікам змены пачатковага кошту і дэвальвацыі за паўтара года завод патаннеў на $4 млн.



xlebazavod.jpg

Ад пераможцы таргоў спатрэбіцца выканаць шэраг абавязковых умоў. Цягам двух гадоў з даты ўкладання дамовы куплі-продажу трэба захаваць профіль прадпрыемства, а таксама колькасць працоўных месцаў (цяпер на хлебазаводзе працуе 408 чалавек). Новы ўласнік абавязаны будзе таксама сплаціць крэдыторскую запазычанасць прадпрыемства. Агульная сума абавязанняў перасягае 4,5 млрд рублёў.
Яшчэ адная ўмова: пры наступнай рэканструкцыі трэба захаваць дамы №25 і 30 на вуліцы Ракаўскай, якія з'яўляюцца помнікамі архітэктуры XIX стагоддзя і ўключаныя ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым дом №30 можа быць рэканструяваны пад музей гісторыі развіцця харчовай прамысловасці з выставачнымі заламі.
У размешчаным на сайце Мінгарвыканкама паведамленні аб правядзенні аўкцыёну ўдакладняецца, што забудова надзела павінна весціся на падставе горадабудаўнічага праекта, які прайшоў дзяржэкспэртызу «Унясенне змяненняў у горадабудаўнічы праект дэталёвага планавання рэканструкцыі, рэстаўрацыі, аднаўлення і добраўпарадкавання гістарычнага цэнтра горада Мінска». Праект прадугледжвае з'яўленне на гэтай тэрыторыі культурна-забаўляльных, спартыўных і гатэльных аб'ектаў, а таксама падземнага ўзроўню для паркоўкі аўтамабіляў.
Раней у СМІ паведамлялася, што цікавасць да куплі хлебазавода №1 праяўляе кампанія «Трайпл». Аднак угода з нейкай прычыны не адбылася. Новы аўкцыён продажу прадпрыемства прызначаны на 10 верасня.
realt.onliner.by