«Нафтан» застанецца без расійскай нафты? На прадпрыемстве абвяргаюць (абноўлена)

На Мазырскі НПЗ пастаўкі захаваюцца прыкладна ў ранейшым аб'ёме.

Фота «Інтэрфакс»

Фота «Інтэрфакс»

Згодна з дакументам, з якім азнаёміўся «Інтэрфакс», у трэцім квартале бягучага года не прадугледжана паставак на Наваполацкі НПЗ (ААТ «Нафтан») — толькі 2,36 млн. тон плануецца накіраваць на Мазырскі НПЗ. У другім квартале ў графіку былі пазначаныя пастаўкі на Наваполацкі НПЗ і Мазырскі НПЗ у аб'ёме па 2,25 млн. тон.

Мінфін ЗША 19 красавіка адмяніў мараторый на санкцыі ў дачыненні да канцэрна «Белнафтахім», яго гандлёвага прадстаўніцтва ў ЗША і сямі прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у яго склад, у прыватнасці, НПЗ «Нафтан». Паводле даных Мінфіна, да завяршэння 45-дзённага перыяду 3 чэрвеня 2021 года былі дазволеныя толькі тыя аперацыі з гэтымі кампаніямі, якія неабходныя для завяршэння супрацоўніцтва з імі.

Як паведамлялася, буйныя расійскія нафтавыя кампаніі ў маі перасталі адпраўляць сыравіну на «Нафтан», увесь аб'ём быў пастаўлены іншымі нетракарыстальнікамі (гэта значыць, якія не ўваходзяць, згодна з тэрміналогіяй афіцыйнай статыстыкі, у лік асноўных).

UPD. Тым часам на самім прадпрыемстве гэтую інфармацыю абвяргаюць. Кажуць, што НПЗ «Нафтан» у трэцім квартале плануе захаваць загрузку на бягучым узроўні і перапрацаваць каля 2 млн. тон расійскай нафты.

Пра гэта паведаміў таму ж «Інтэрфаксу» намеснік генеральнага дырэктара НПЗ па вытворчасці Сяргей Алтухоў.

«У трэцім квартале аб'ём нафтаперапрацоўкі складзе каля 2 млн. тон. Не думаю, што ў трэцім квартале сітуацыя будзе адрознівацца ад другога. Нічога незвычайнага на прадпрыемстве не адбываецца, усё працуе», — сказаў Алтухоў.

Паводле яго слоў, зараз «прадпрыемства працуе з планавай загрузкай, нафтаперапрацоўка складае парадку 680 тыс. тон у месяц».

Ён таксама паведаміў, што «ў цяперашні час працягваецца працэс арганізацыі паставак нафты на трэці квартал, зыходзячы з нашага бізнес-плана, ідзе ўзгадненне па аб'ёмах з Мінэнерга Расіі і пастаўшчыкамі».

«Для трэцяй дэкады месяца гэта нармальная сітуацыя», — дадаў намеснік гендырэктара.