Пад «контрсанкцыі» ў Беларусі трапілі вітаміны і харчовыя дадаткі

У пункт «іншыя тавары» ўваходзяць заходнія вітаміны, харчовыя дадаткі і біяактыўныя дадаткі (БАДы). Спіс амаль скапіравалі з расійскага. Дыстрыб’ютары ўжо звярнуліся да чыноўнікаў.

tablets_623706_960_720.jpg


Партал «Зеркало» расказаў пра невідавочныя «контрсанкцыі»: у спісе ўрада былі наўпрост прапісаныя мясныя прадукты, гародніна, садавіна, арэхі, соль і кандытарскія вырабы, а таксама «іншыя вырабы» з кодамі таварнай наменклатуры ЕАЭС 1901 90 і 2106 90.
1901 90 — соладавы экстракті тавары, якія не ўтрымліваюць малочнага тлушчу, цукрозы, ізаглюкозы або крухмалу або ўтрымліваюць менш за 1,5 масавага адсотка малочных тлушчоў, ці менш за 5 масавых адсоткаў цукрозы або ізаглюкозы, ці менш за 5 масавых адсоткаў глюкозы або крухмалу.
2106 90 — больш аб’ёмная група тавараў, якая ўключае спіртавыя паўфабрыкаты для напояў, цукровыя сіропы, сіропы лактозы, глюкозы і ізаглюкозы, жуйкі без цукру, сырнае фандзю, прадукты з жывёльных або раслінных тлушчоў і алеяў з больш за 15 масавых адсоткаў малочных тлушчоў, сумесі вітамінаў і мінеральных рэчываў для збалансаванага дадання да харчавання і іншае.
Выявілася, што пад «контрсанкцыі» трапілі такія дадаткі як «Максілак», «Фіталізін», «Допэльгерц актыў магній кальцый», «Вітрум Віжн Фортэ», «Мэрц Класік», «Супрадзін Кідс Мішкі», «Дуавіт», «Дуавіт для жанчын», «Магнэ B6», «Селен» з ЗША, «Кальцый D3 Нікамед» і іншыя. Магчыма, у спісе таксама ўся прадукцыя кампаній «Біянорыка» і «Гербалайф», розныя вітаміны для цяжарных.
Што важна: гэтыя тавары забароненыя не цалкам, а могуць увозіцца ў межах квотаў (аб вызначэнні якіх пакуль не паведамлялі); абмежавання няма на тавары, якія ўвозяцца для асабістага карыстання.
Удзельнікі рынку расказалі, што яны прагназуюць дэфіцыт такіх тавараў і праблемы ў беларусаў, якім яны патрэбныя праз стан здароўя. Дыстрыб’ютары ўжо напісалі лісты чыноўнікам аб магчымых рызыках для рынку.
Падобная сітуацыя, адзначае выданне, ужо была ў Расіі, калі тая адказала на санкцыі за анексію ўкраінскага Крыма «контрсанкцыямі», з якіх практычна даслоўна спісаныя (за выключэннем рыбы) цяперашнія беларускія. Тады расійскім уладам давялося адкарэктаваць спіс, прыбраць з яго ў тым ліку вітаміны і харчовыя дадаткі.
«У аптэках знікнуць заходнія вітаміны, бо іх многія з іх увозяць як БАДы, — адзначае адзін з удзельнікаў рынку. — Таксама будуць пытанні да спартыўнага харчавання і дадаткаў для збалансаванага дапаўнення да харчавання, якія ўвозяць з Еўрасаюза».
БАДы могуць увозіць з Расіі, але, кажа прадстаўнік адной з кампаній-дыстрыб’ютараў, «еўрапейскія яны наўрад ці заменяць, да тых высокая ступень даверу спажыўцоў».