Прадалі больш, зарабілі менш. Што адбываецца з піўнымі заводамі ў Беларусі?

Наколькі знізіліся даходы беларускіх піўных заводаў і чаму гэта адбылося? Разбіраецца Фелікс Мірны для «Беларусы і рынак».

_alkahol_piva_fota_novy_czas.jpg

Беларускія півавары па выніках 2023 года моцна страцілі ў даходах. Падобна на тое, цэнавае рэгуляванне не літуе нікога. Тры беларускія заводы, якія з'яўляюцца публічным кампаніямі і, адпаведна, павінны публікаваць звесткі аб выніках сваёй дзейнасці, паведамілі пра падзенне прыбытку летась.

Як ідуць справы ў астатніх півавараў — незразумела. Проста астатнія ні перад кім даваць справаздачу не абавязаныя. А ў тых, якія даваць справаздачу абавязаныя, справы ішлі не вельмі добра. Не на столькі дрэнна, як у малочнікаў, але магло быць і лепей.

У завода «Крыніца» прыбытак знізіўся на 6,2% і склаў 4,4 млн рублёў, у «Аліварыі» — на 35%, да 17,4 млн рублёў, у «Лідскага піва» — на 54%, завод атрымаў прыбытак у 23,4 млн рублёў.

У апошняга, зрэшты, жыццё летась і так было цяжкім. Яго асноўны ўладальнік, кампанія Olvi, з 2022 года спрабуе сысці з Беларусі, але беларускія ўлады яе не выпускаюць.

І зноў жа, як у выпадку з малочнікамі, беларускія півавары не сталі працаваць горш. Усе тры кампаніі ў мінулым годзе адначасова з падзеннем прыбытку паказалі рост выручкі. Гэта значыць, усе кампаніі прадавалі больш, а грошай пры гэтым атрымлівалі менш. Нават у «Лідскага піва», пры ўсіх жыццёвых цяжкасцях яго ўласніка, аб'ёмы продажаў, калі лічыць у літрах, выраслі на 8,7%.

Толькі вось пры гэтым сабекошт прадукцыі ў «Лідскага піва» вырас на 15,3%. У «Аліварыі» яна павялічылася на 2%, у «Крыніцы» — на 15,5%.

Глядзіце таксама

У выпадку з малочнікамі падзенне прыбыткаў было вынікам не толькі дзяржаўнага рэгулявання коштаў. Сваю ролю там адыграла і паслабленне расійскага рубля, якое прывяло да скарачэння даходаў ад экспарту ў Расію.

Але вось у падзенні прыбыткаў у півавараў заслуга цалкам і цалкам нашая, айчынная. Тут на знешнія абставіны нічога не спішаш. Беларусь ніколі не была вялікім экспарцёрам піва. За ўвесь мінулы год экспарт усіх беларускіх піўзаводаў склаў каля 30 млн долараў. Так што поспехам у пазбаўленні півавараў прыбыткаў мы абавязаны выключна дзяржаўнаму рэгуляванню коштаў.

Глядзіце таксама