Расія можа папрасіць Беларусь прапускаць еўрапейскія фуры

З 16 красавіка Беларусь істотна абмежавала ўезд на сваю тэрыторыю грузавікоў з ЕС. Паводле інфармацыі расійскай газеты «Известия», расійскі бізнес прапанаваў ураду паўплываць на Беларусь і дапусціць прыярытэтны праезд фур з ЕС у РФ для часткі тавараў.

fltw3i_xeaqsuzi.jpg


Мінсельгас Расіі шукае шляхі для бесперабойных паставак тавараў з Еўропы. Міністэрства ўжо зрабіла запыт вытворцам, каб сабраць спіс патрэбнай наменклатуры.

Цяпер расійскія кампаніі вымушаныя перагружаць тавары з Еўропы на беларускай мяжы, сказалі «Известиям» у асацыяцыі «Руспрадсаюз». Машыны чакаюць сваёй чаргі на перагруз па некалькі дзён, у выніку хуткасць транспарціроўкі павялічыцца, дадалі ў арганізацыі.

Расійскія кампаніі хочуць, каб фуры з Еўропы ехалі да месца прызначэння ў Расіі без прыпынку і перавалкі грузу: гэта абцяжарвае дастаўку прадуктаў, якія хутка псуюцца, бо ўмовы захоўвання не дазваляюць везці іх з прыпынкамі для перагрузкі.

Пры гэтым расійскія перавозчыкі лабіруюць ва ўрадзе меры ў дачыненні да еўрапейскіх фур, аналагічныя ўведзеным беларускімі ўладамі.

У той жа час Беларусь паслабіла «санкцыйны рэжым» і пашырыла пералік грузаў з ЕС, якія можна ўвозіць на тэрыторыю краіны.

Да гэтага часу ўезд і транзіт былі дазволеныя толькі для еўрапейскіх грузавых аўтамабіляў, якія перавозяць пошту і жывёл. Цяпер гэтае права распаўсюджваецца таксама на «негабарытныя і гуманітарныя грузы, якія патрабуюць асаблівых умоў транспарціроўкі». Гаворка пра лекі (у тым ліку не расфасаваныя), медыцынскія вырабы і запчасткі да іх, сыравіну і матэрыялы для вытворчасці лекаў і медвырабаў, а таксама пра кроў, органы і тканкі чалавека.