Spiegel: у пятым пакеце санкцый ЕС будуць «Гродна-Азот» і «Беларуснафта»

Нямецкае выданне Spiegel, спасылаючыся на свае крыніцы, піша, што ў чарговым санкцыйным пакеце ЕС будуць кампаніі «Гродна-Азот», «Беларуснафта», «Белавія», некалькі турыстычных фірмаў і афіцыйныя асобы. Паведамляецца, што санкцыйны спіс абнародуюць да канца наступнага тыдня.


Паводле звестак Spiegel, якія атрыманыя са спісу, накіраванага прадстаўніком ЕС па замежных справах Жазэпам Барэлем у Савет дзяржаў-чальцоў ЕС, акрамя «Белавія» пад санкцыі патрапяць сірыйская чартарная авіякампанія Cham Airlines і турэцкі правайдэр пашпартна-візавых паслуг VIP Grub, піша REFORM.by.

Турыстычныя фірмы, якіх чакаюць санкцыі, паводле інфармацыі крыніцы Spiegel — «Оскартур» і «Цэнтркурорт».

Сярод прамысловых прадпрыемстваў, якія будуць уключаныя ў санкцыйны ў спіс, названыя «Гродна-Азот» і «Беларуснафта».

Варта адзначыць, што «Гродна-Азот» і «Беларуснафта» ніяк не датычныя да мігранцкага крызісу, у адказ на які ўводзяцца санкцыі. Аднак гэтыя прадпрыемствы знаходзяцца ў санкцыйным спісе ЗША, які пачаў дзейнічаць у канцы вясны гэтага года. Верагодна, такім чынам Еўрасаюз сінхранізуе санкцыйную палітыку са Злучанымі Штатамі.

Як адзначае тэлеграм-канал «Эканоміка па-беларуску», калі гэта праўда, то наступствы будуць адчувальнымі для прадпрыемстваў і бюджэта. «Беларуснафта» шмат гадоў экспартуе 100% сыравіны, здабытай у Беларусі, на НПЗ у Германіі, якія належаць «Роснефти».

Перапынак у экспарце беларускай нафты быў толькі ў І квартале 2020 г. Тады яе накіравалі на нашыя НПЗ, бо расіяне не пастаўлялі сваю нафту праз канфлікт.

«Гродна-Азот» экспартуе вялікую частку прадукцыі на прэміяльны рынак ЕС (Польшча, Літва і г.д.). Нейкі працэнт экспарту ідзе праз порты краін Балтыі, нейкая доля — праз чыгунку сухадолам.

Бюджэт спаганяе з нафты і ўгнаенняў экспартныя мыты, калі тавар вывозіцца за межы ЕАЭС. Так што страты могуць быць і тут.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: