Пуцін абмеркаваў са старшынёй Еўрапейскага Савета санкцыі і міграцыйны крызіс

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін абмеркаваў са старшынёй Еўрапейскага савета Шарлем Мішэлем некалькі міжнародных праблем, у тым ліку — міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы і санкцыі, якія ў сувязі з ім Еўрасаюз мае намер увесці ў дачыненні да Беларусі, паведамілі ў Крамлі. Пуцін назваў намер ўвесці санкцыі «контрпрадуктыўным», паведамляе reform.by.

Шарль Мішэль і Уладзімір Пуцін

Шарль Мішэль і Уладзімір Пуцін


Паведамляецца, што пры абмеркаванні сітуацыі на мяжы Беларусі і Польшчы бакі акцэнтавалі ўвагу на важнасці хутчэйшага вырашэння міграцыйнага крызісу на аснове норм міжнароднага гуманітарнага права. Паводле інфармацыі прэс-службы Крамля, бакі пацвердзілі мэтазгоднасць рэгулярных кантактаў ЕС і Мінска.
«Звернутая ўвага на факты прымянення польскімі сілавікамі вадамётаў, слёзатачывага газу, светлашумавых гранат і іншых спецсродкаў. Выказана надзея, што Шарль Мішэль папрацуе з Варшавай з мэтай недапушчэння гвалту ў дачыненні да мігрантаў і адмовы ад дзеянняў, якія маглі б прывесці да эскалацыі сітуацыі», — сказана ў паведамленні.
Паводле інфармацыі прэс-службы Крамля, бакі закранулі таксама афганскую, лівійскую праблематыку, дамоўленасці па Нагорным Карабаху, а таксама канфлікт на ўсходзе Украіны. Пуцін падкрэсліў безальтэрнатыўнасць мінскага «Комплексу мер» як асновы ўрэгулявання.
У паведамленні Шарля Мішэля пра гэтую размову сказана, што, акрамя міграцыйнага крызісу ў Беларусі, бакі абмяркоўвалі сітуацыю на мяжы Расіі і Украіны.
«ЕС уважліва сочыць за нарошчваннем ваеннай сілы ўздоўж мяжы Расіі з Украінай. Важныя дээскалацыя і стабільнасць», — напісаў Мішэль у «Твітары».
Ён таксама падкрэсліў адказнасць Расіі за прасоўванне мірнага ўрэгулявання канфлікту на ўсходзе Украіны, а таксама зацікаўленасць Еўрасаюза ў трывалым міры паміж Арменіяй і Азербайджанам.