Bloomberg апублікаваў план магчымага ўварвання Расіі ва Украіну. У Крамлі назвалі Bloomberg «трубой для ўкідаў»

Агенцтва Bloomberg апублікавала план магчымага ўварвання Расіі ва Украіну з удзелам 100 тысяч вайскоўцаў. Наступ запланаваны адразу па трох кірунках: з кантынентальнай часткі Расіі, з Крыма і з Беларусі.

Фота tvzvezda.ru

Фота tvzvezda.ru

Прадстаўнікі ЗША перадалі еўрапейскім саюзнікам у NATO звесткі выведкі, у тым ліку карты, якія сведчаць пра нарошчванне расійскіх войскаў для падрыхтоўкі да магчымага ўварвання ва Украіну. Пра гэта паведаміла агенцтва Bloomberg, спасылаючыся на словы ўласных крыніц.

Паводле звестак выведкі, у выпадку ўварвання расійскія войскі пачнуць наступ па трох кірунках: з кантынентальнай часткі Расіі, з Крыма і з Беларусі. Ва ўварванні, як мяркуецца, будуць удзельнічаць 100 батальённа-тактычных груп колькасцю ў 100 тысяч чалавек.

Дзве крыніцы агенцтва заявілі, што палова груп ужо заняла свае пазіцыі. Суразмоўцы адзначылі, што ўварванне падтрымае авіяцыя. З іх слоў, расійскія ўлады таксама нібыта прызвалі «дзясяткі тысяч» рэзервістаў у «беспрэцэдэнтным для постсавецкіх часоў маштабе». Зрэшты, афіцыйна пра прызыў рэзервістаў не паведамлялася.

Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў пракаментаваў гэтую і іншыя публікацыі СМІ пра патэнцыйную магчымасць уварванне Расіі ва Украіну. Ён сказаў, што «ідзе мэтанакіраваная інфармацыйная кампанія». «Для такіх укідаў выкарыстоўваецца, скажам так, у якасці трубы, Bloomberg. Гэта сапраўды так, гэта мы таксама фіксуем. Некаторыя амерыканскія газеты актыўна ў гэтым удзельнічаюць. Гэта нагнятанне напружанасці. Гэта спроба прадставіць Расійскую Федэрацыю як нейкі бок, які пагражае працэсу ўрэгулявання», — заявіў Пяскоў.

Прадстаўнік Крамля дапусціў, што паведамленні СМІ аб уварванні — «гэта камуфляж для прыкрыцця такіх агрэсіўных намераў, якія могуць мець месца ў Кіеве» дзеля сілавога вырашэння «праблемы Паўднёвага Усходу».

Паводле meduza.io