Паводле ацэнак ЕС, у Беларусі застаецца каля 15 тысяч мігрантаў
У Беларусі застаецца да 15 тысяч мігрантаў, з іх каля 2 тысяч знаходзяцца непасрэдна на мяжы. Такія дадзеныя прагучалі напярэдадні ў Еўрапарламенце. У аўторак там адбыліся дэбаты, прысвечаныя сітуацыі на мяжы Беларусі з краінамі ЕС.
«Гэтым людзям прадаюць хлусню, фантазію, ілюзію хуткага пералёту праз Стамбул ці Дубай, праз Мінск у Германію ці Цэнтральную Еўропу. Але гэта не так проста. Яны купляюць білет не ў Еўропу, а ў заледзянелыя лясы», — заявіў у Еўрапарламенце адзін з намеснікаў старшыні Еўракамісіі Маргарыціс Схінас, перадае Еўрарадыё.
Паводле яго слоў, «гэта не міграцыйны крызіс. Гэта вялікая пагроза бяспецы» для ўсёй Еўропы.
Еўрапейскія палітыкі сыходзяцца на думцы, што ў крызісе вінаваты рэжым Лукашэнкі. У выніку дэпутаты і правых, і цэнтрысцкіх, і левых партый, якія ўдзельнічалі ў дэбатах, выказаліся за ўзмацненне санкцый супраць Беларусі.
Акрамя таго, кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен, якая таксама ўчора выступала ў Еўрапарламенце, заявіла, што ЕС вылучыць 3,5 мільёна еўра на рэпатрыяцыю мігрантаў дадому.