Standard & Poor's чакае зніжэння ВУП Беларусі

Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Standard & Poor's прагназуе, што беларуская эканоміка паводле вынікаў гэтага года скароціцца на 2,7% і ў 2017 годзе эканамічны рост не адновіцца.

www.iran-daily.com

www.iran-daily.com


"Слабае знешняе асяроддзе (эканамічны спад у Расіі і ва Украіне), а таксама зніжэнне ўнутранай пакупніцкай здольнасці ў выніку дэвальвацыі беларускага рубля і высокай інфляцыі прывядзе да зніжэння ВУП Беларусі на 2,7% ў 2016 годзе", — гаворыцца ў паведамленні Standard & Poor`s.

Паводле ацэнак аналітыкаў рэйтынгавага агенцтва, у 2017 годзе змена ВУП Беларусі ў параўнанні з 2016-м складзе 0%. У наступныя гады эканамічны рост будзе складаць прыблізна 1%, мяркуюць эксперты.

"Мы лічым, што без большага прагрэсу ў частцы структурных рэформаў тэмпы росту ВУП будуць заставацца вялымі ў доўгатэрміновай перспектыве. Эканамічны рост пры такім сцэнарыі да 2019 года будзе вагацца ў раёне 1%", — прагназуюць аналітыкі Standard & Poor`s.

Пры гэтым яны адзначаюць, што калі перамовы афіцыйнага Мінска па нафтагазавых пытаннях з Расіяй завершацца няўдала, і расійскі бок "менш ахвотна" стане аказваць фінансавую падтрымку беларускім уладам, гэта можа прывесці да паніжэння суверэннага крэдытнага рэйтынгу Беларусі.

У той жа час аналітыкі Standard & Poor`s адзначаюць, што тэарэтычна можа быць разгледжанае пытанне і аб павышэнні крэдытнага рэйтынгу Беларусі пры ўмове гатоўнасці беларускіх уладаў рэалізаваць "надзейную праграму рэформаў дзеля зніжэння знешняй уразлівасці краіны".

Нагадаем, на мінулым тыдні беларускія ўлады правялі чарговы раўнд перамоў аб заключэнні новай крэдытнай праграмы з Міжнародным валютным фондам, які настойвае на рэалізацыі глыбокіх рэформаў у беларускай эканоміцы.

Між тым Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з урадам 3 кастрычніка раскрытыкаваў ўмовы, якія выстаўляе Беларусі МВФ. "Калі іх прачытаеш, усё зводзіцца да аднаго (калі казаць пра сацыяльныя напрамкі): ніякага павышэння зарплаты, неадкладнае павышэнне тарыфаў і іншага. Камуністы б сказалі — на задушэнне народа. Я не хачу сказаць, што нас хто-небудзь хоча задушыць. Нас ніхто не панукае, але, на жаль, формула такая", — заявіў ён.



Дзмітрый Заяц, БелаПАН