«Страчаны давер да права і законнасці». Чаму падае беларускі рубель?
Пасля прэзідэнцкіх выбараў беларускі рубель адносна даляра ўпаў на 6,5%. Эканамісты звязваюць гэта са «стратай даверу да ўсіх галінаў органаў улады». Свабода разабралася, чаго чакаць у беларускай эканоміцы.
Што з курсам даляра і еўра
Паводле афіцыйнага курсу Нацыянальнага банку даляр цяпер каштуе 2,6 рубля, еўра – 3,07 рубля. У прыватных банках даляр каштуе яшчэ больш – да 2,63 рубля. Рубель падае пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня. І гэта звязана «з дэвальвацыйнымі чаканнямі людзей», лічыць фінансавы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб.
— Падстава для росту вартасці замежнай валюты – попыт на яе. Удзельнікі рынку актыўна скупаюць валюту. Такое адчуванне, што валюту набывалі і людзі, і банкі, і прадпрыемствы. Для людзей асноўны рэсурс набыцця валюты – рублёвыя ўклады. Людзі здымаюць свае ўклады і купляюць на іх замежную валюту. У нас каля 5 мільярдаў рублёў тэрміновых укладаў, траціну з іх можна адклікаць. Значыць, 1,5 мільярда могуць пайсці на куплю валюты. Можна прадбачыць, што валюту будуць набываць датуль, пакуль будзе на што, – мяркуе Вадзім Іосуб.
Як доўга будзе цягнуцца гэты працэс і наколькі вырастуць курсы даляра і еўра – сказаць пакуль немагчыма. На думку Вадзіма Іосуба, моцная нацыянальная валюта будзе тады, калі да яе «будзе давер». А апошнімі месяцамі адбылася «страта даверу да ўсіх дзяржаўных інстытутаў і даверу да права і законнасці».
Каля некаторых аддзяленняў банкаў чытачы Свабоды заўважылі чэргі з ахвочых зняць свае ўклады. Паводле Вадзіма Іосуба, цяпер відавочна выгадней захоўваць грошы ў валюце. Але дзе?
«У банках тэарэтычна ёсць рызыка, што калі ў дзяржавы ня будзе хапаць грошай, то будзе замарозка ўкладаў ці прымусовая канвертацыя ў рублі. Гэтыя рызыкі цяпер невялікія, і я ня думаю, што гэта адбудзецца днямі, але такія рызыкі не нулявыя», – падсумоўвае Вадзім Іосуб.
Хаваць грошы за канапай таксама небяспечна. Як і ў банкаўскай ячэйцы, бо пасля пераходу пад кантроль дзяржавы «Белгазпрамбанку» былі праблемы з вяртаннем грошай з гэтых ячэек.
«Улада загнала ўкладнікаў у цугцванг – няма добрых крокаў і няясна, як зрабіць бяспечнымі свае ашчаджэнні. Дзяржава мусіць гарантаваць бяспеку ўкладам, а цяпер асноўная рызыка – дзеянні дзяржавы. Таму добрых парадаў тут проста няма», – рэзюмуе Вадзім Іосуб.
У далёкай перспектыве аналітык прагназуе і зніжэнне цэнаў на маёмасць.
Што з інвестарамі і ІТ
Беларусь ніколі ня мела добрага інвестыцыйнага клімату, але цяпер ІТ-кампаніі пачалі выводзіць адсюль бізнэс. Свой офіс у Менску закрыў Viber, частка супрацоўнікаў «Яндэксу» пасля ператрусу ў гэтай кампаніі з'ехалі ў Расею, частка – працуюць з дому. Рэзідэнт Парку высокіх тэхналогіяў кампанія Godel Technologies перавяла частку сваіх супрацоўнікаў ва Украіну.
«Цяпер ніякіх інвестыцыяў з Захаду чакаць не варта, з ІТ цяпер нехта пераязджае, нехта задумваецца пра гэта. Таму кірунак эканомікі толькі адзін – уніз, на дно і далей. Апошнімі гадамі адным з найбуйнейшых крэдытораў была Расея, але яна ніколі не пакрывала ўсе патрэбы Беларусі. Штогод на абслугоўванне дзяржаўнага доўгу Беларусі трэба каля 4 мільярдаў даляраў. Кожны год трэба было перапазычаць каля 3 мільярдаў. Сумняваюся, што Расея зможа нас крэдытаваць штогод на 3 мільярды, ня зможа нават разам з Кітаем», – мяркуе Вадзім Іосуб.
Што з прадпрыемствамі
Летась за 4 месяцы ўсе беларускія арганізацыі працавалі з прыбыткам 4,5 мільярда рублёў. А сёлета за такі ж перыяд напрацавалі на мінус 458 мільёнаў рублёў. Страты на 191 мільён рублёў панеслі і прамысловыя арганізацыі, хоць летась за такі самы перыяд зарабілі 2,6 мільярда. 26% усіх арганізацыяў прамысловасці стратныя. Чыстыя страты склалі 2,2 мільярда. У такой сітуацыі прадпрыемствам таксама патрэбныя крэдыты і датацыі.
«У нас шмат прадпрыемстваў, якія пастаянна карыстаюцца датацыямі ці за якія дзяржава вяртае крэдыты. Гэта і дрэваапрацоўка, і выраб паперы і кардону, і вытворчасць цэменту. Усе галіны, якія прайшлі мадэрнізацыю, застаюцца ў стратах, а даўгі за іх вяртае бюджэт. Не вяртаць даўгі яны таксама не могуць, бо тады лягуць банкі», – кажа Вадзім Іосуб.
Усе эканамічныя праблемы, паводле Вадзіма Іосуба, выкліканыя «стратай даверу людзей да ўсіх галінаў улады».
9 жніўня ў Беларусі прайшлі прэзідэнцкія выбары, на якіх паводле беларускага ЦВК перамог з 80% галасоў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым паводле альтэрнатыўных платформаў падліку выбары выйграла Святлана Ціханоўская. Супраць пратэстоўцаў ужывалі гранаты, гумавыя кулі і слезацечны газ, ёсць шматлікія сведчанні здзекаў і збіцця людзей у ізалятарах часовага ўтрымання і ў аўтазаках падчас затрыманняў. На 25 жніўня ў Беларусі працягваюцца затрыманні актывістаў, мірныя акцыі пратэсту зноў пачалі разганяць.
svabod1.azureedge.net