Усаў: Пры паглыбленні крызісу ў Беларусі Расея можа адхіліць Лукашэнку ад улады

Кіраўнік Цэнтра палітычнага аналізу і прагнозу ў Варшаве Павал Усаў спрагназаваў, якое развіццё падзей можа чакаць Беларусь у найбліжэйшай будучыні.

u2ub0if3.jpg

«Зразумела, што далей Лукашэнка можа ўтрымліваць уладу выключна на гвалце. Не выключаю, што калі сітуацыя для дзеючай улады будзе пагаршацца, то будзе ўведзена і ваеннае становішча. Аўтарытарны рэжым у Беларусі перафарматаваўся ў ваенна-аўтарытарны. І далей будзе абапірацца на прамыя рэпрэсіі не толькі ў дачыненні да апазіцыянераў, але і ўсяго грамадства.
Лукашэнка страціў сацыяльную падтрымку і легітымнасць у вачах большасці. Значыць, нязгоду прыйдзецца душыць рэпрэсіямі. Лукашэнка ўжо заявіў пра неабходнасць звальнення нелаяльных настаўнікаў са школ, закрыцця прадпрыемстваў, якія страйкуюць. Супрацьстаянне пачне падрываць эканоміку. Асабліва калі Лукашэнка будзе праводзіць неадэкватную эканамічную палітыку, ажыццяўляць рэпрэсіі ў дачыненні да прадпрымальнікаў – што часта адбываецца ва ўмовах ваенных рэжымаў. Гэта прывядзе да дэфолту, гіперінфляцыі, да хуткага збяднення шырокіх слаёў насельніцтва.
Ва ўмовах палітычнага і эканамічнага заняпаду Расеі будзе мэтазгодна адхіліць Лукашэнку ад улады. Падтрымліваць разбураную эканоміку, уліваць туды грошы – занадта вялікая нагрузка для і так слабой эканомікі Расеі. Адпаведна, Масква не зацікаўлена ў дапушчэнні палітычнага і эканамічнага дэфолту Беларусі. Самым аптымальным для яе варыянтам можа стаць адхіленне Лукашэнкі і прызначэнне на некаторы час кіраўніком дзяржавы прэм’ер-міністра Галоўчанкі ці каго-небудзь з вайскоўцаў – скажам, сакратара АДКБ Зася
», – цытуе Паўла Усава «Салідарнасць».

racyja.com