Таміслаў Нікаліч: Усё, што выпускаецца ў Беларусі, выраблялі ў Сербіі 30–40 гадоў таму

Сербія гатовая вырабляць у сябе сумесна з Беларуссю прамысловую прадукцыю і прадаваць яе па ўсім свеце.



000020_50112_big.jpg

Таміслаў Нікаліч

Пра гэта заявіў прэзідэнт Сербіі Таміслаў Нікаліч у праграме «Галоўны эфір» тэлеканала «Беларусь-1», паказаным ўвечары 22 лістапада.

Інтэрв’ю было дадзена падчас афіцыйнага візіту сербскага прэзідэнта ў Беларусь на гэтым тыдні, піша БелаПАН. «Мы ўсе, што выпускаецца ў вас выраблялі 30–40 гадоў таму, — адзначыў Нікаліч. — А сёння на нашых заводах такой вытворчасці няма. Думаю, перавага Беларусі ў тым, што яна захавала сваю прамысловасць, і мы хочам уступаць з вамі ў кааперацыю, супрацоўнічаць у галіне прамысловасці, каб зноў вырабляць ўсё гэта на сваіх заводах. І, думаю, што мы шмат усяго і беларускага будзем вырабляць, таму што нам даступны рынак усяго свету без пошлін. А гэта вялікая перавага. У нас няма абмежаванняў на ўсход ці захад … І толькі няма ў нас дастатковай колькасці тавараў».

Як заявіў прэзідэнт, Сербія — «дзяржава, якая доўгі час жыла пад санкцыямі і вельмі добра ведае, што санкцыі, нават калі яны накіраваны супраць кіраўніцтва краіны, на самай справе ствараюць праблемы толькі для грамадзян». «Асабліва для тых, хто бедны, не абаронены, напрыклад, для дзяцей, якія праводзяць усё дзяцінства ў вельмі цяжкіх умовах», — падкрэсліў кіраўнік сербскай дзяржавы.

Ён паабяцаў, што Сербія ніколі не будзе ўводзіць санкцыі ў дачыненні да каго-небудзь. «Супрацоўніцтва з Беларуссю — гэта тая наша новая палітыка, у якой мы звярнуліся да старых сяброў, каб з імі зноў паспрабаваць выправіць свае памылкі», — сказаў Таміслаў Нікаліч, размаўляючы пра санкцыйную палітыку ў адносінах да Беларусі, да якой Бялград некалі быў вымушаны далучыцца.

www.racyja.com