Вoeing ліквідуе даччыную кампанію ў Беларусі

Рашэнне аб ліквідацыі ТАА «Боінг БЛР» было прынятае 1 сакавіка 2023 года, цяпер юрыдычная асоба знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі. Адпаведны запіс быў апублікаваны ў часопісе «Юстыцыя Беларусі».

Ілюстрацыйнае фота з сайта class-tour.com

Ілюстрацыйнае фота з сайта class-tour.com


Прэтэнзіі ў сувязі з ліквідацыяй кампаніі прымаюцца да сярэдзіны траўня.

Кампанія «Боінг БЛР» была створаная ў кастрычніку 2020 года і адказвала за камунікацыі з мясцовымі рэгулятарамі і спажыўцамі.

Вoeing Company стала першай сусветнай авіябудаўнічай карпарацыяй, самалёты якой 20 гадоў таму ўвайшлі ў тады цалкам «савецкі» парк нацыянальнага беларускага авіяперавозчыка «Белавія» — у кастрычніку 2003 года быў уведзены ў эксплуатацыю Boeing 737-500. Цяпер у парку «Белавія» 14 лайнераў Boeing: дзевяць Boeing 737-800, тры Boeing 737-300 і па адным Boeing 737-500 і Boeing 737-8.

Раней планавалася, што на рэйсах «Белавія» з’явяцца яшчэ пяць Boeing 737-8: у 2018 годзе «Белавія» і лізінгавая кампанія Air Lease Corporation падпісалі адпаведнае пагадненне аб пастаўцы, але ў выніку ўведзеных Захадам санкцый пасля прымусовай пасадкі самалёту Ryanair у траўні 2021 года ў Беларусь прыбыў толькі адзін Boeing 737-8 з пяці.

Са студзеня 2023 года беларуская «дачка» амерыканскай карпарацыі знаходзіцца ў спісе замежных актываў, якія не падлягаюць адчужэнню без згоды беларускіх уладаў.

Паводле Радыё Св*бода; reform.by