Заўтра на «Гродна Азот» спыняюцца два цэхі
Афіцыйная прычына спынення — планавы рамонт.
З 19 чэрвеня на «Гродна Азот» з-за планавага капітальнага рамонту спыняць працу два цэхі: аміяк-4 і карбамід-4, піша газета прадпрыемства «Гродзенскі хімік»:
«Пры правядзенні планавага спынення, з мэтай утылізацыі гаручых рэчываў, якія ўваходзяць у склад тэхналагічнага газу, рэгламентам прадугледжана яго спальванне на факельнай устаноўцы. Пасля вызвалення ўсіх стадый вытворчасці ад гаручых газаў іх спальванне на факельнай устаноўцы спыняецца».
Раней на «Гродна Азот» да 2026 года плавалася правесці праграму мадэрнізацыі коштам 800 мільёнаў долараў. «Будзе куплена 95% расійскага абсталявання», — заяўляў гендырэктар прадпрыемства Ігар Ляшэнка.
Цяпер прадпрыемства знаходзіцца пад санкцыямі. І гэта выклікала пэўныя складанасці ў яго рабоце. Тым не менш, па словах кіраўніцтва прадпрыемства, «Гродна Азот» не зніжае аб'ёмы вытворчасці і рэалізуе прадукцыю, у тым ліку на экспарт. Гадавая выручка прадпрыемства ў нармальных умовах працы складае ў сярэднім 970 мільёнаў долараў.