15 лістапада 2015 года, 15 кандыдатаў і 100 мільярдаў

На міжнароднай канферэнцыі "Выбарчыя працэсы на прасторы СНД" старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына назвала магчымую (чытай прызначаную) дату правядзення прэзідэнцкіх выбараў — 15 лістапада 2015 года. Такім чынам, застаўся год да таго моманту, калі ўся краіна даведаецца пра тое, што і так ведае: хто будзе кіраваць Беларуссю наступныя пяць гадоў.



vyboryget_img_1.jpg

Лідзія Ярмошына нават назвала колькасць магчымых кандыдатаў у прэзідэнты. Па яе меркаванню, іх будзе прыкладна 15. Цікава, але раней ЦВК прагназаваў толькі колькасць галасоў, якія людзі аддадуць за галоўнага кандыдата ў прэзідэнты, а зараз вось і колькасць... А калі не будзе столькі годных? Ці ўжо пачалі вырошчваць?

Ну і дарэчы, пра 100 мільярдаў — столькі будуць каштаваць бюджэту (чытай нам з вамі) выбары–2015.

«Гэтая выбарчая кампанія не адносіцца да катэгорыі самых дарагіх. Значна даражэй абыходзяцца мясцовыя выбары, калі значна больш кандыдатаў. Тым не менш мы пастараемся, каб усё прайшло годна», — намякнула Ярмошына, што неблага было б і павяличыць суму.

Дарэчы, прэзідэнцкія выбары 2010 года каштавалі краіне крыху больш за 26 млрд. рублёў. Зараз каштарыс учацвёра большы. Але ж і беларускі рубель у выніку тых выбараў і крызісу 2011 года зваліўся з трох да 10 тысячаў за долар.