17 скрынак гуманітарнай дапамогі ад гарадзенцаў
Гарадзенскія валанцёры сабралі і перадалі ва Украіну 17 скрынак гуманітарнай дапамогі. Адзенне, вільготныя сурвэткі, прадметы першай неабходнасці будуць перададзены гуманітарным маршрутам "Беларусь-АТО" ва Украіну. І цяпер будуць адпраўляцца ў вобласці, што мяжуюць з тэрыторыяй АТО.

У Гародні зборам рэчаў займаецца валанцёр і журналіст Алесь Кіркевіч:
– Ужо прайшоў нейкі час. Магчыма, ёсць спад актыўнасці – гэты феномен мы назіраем і ў Беларусі, і ва Украіне. Адна справа ставіць лайкі і ўкраінскія аватаркі ў фэйсбуку, а зусім іншая – займацца штодзённай крапатлівай дзейнасцю па зборы нейкіх рэчаў, па зборы дапамогі. Але прыемна, што ў той жа самы час людзі, якія з намі пачыналі, займаюцца гэтым і зараз. Мы маем сетку людзей, якія стабільна збіраюць гэтыя рэчы, турбуюць сваіх сяброў.
Асноўная праблема гарадзенскіх валанцёраў – гэта дастаўка рэчаў у Мінск. Аднак, па словах Алеся Кіркевіча, гэта пытанне вырашаецца дзякуючы сацыяльным сеткам. Апроч рэчаў, валанцёры ў Гародні таксама збіраюць грошы на аўтамабілі для добраахвотніцага мабільнага шпіталя імя Міколы Пірагова.
Радыё Рацыя