Абаронцу Курапатаў з ДЦП аштрафавалі на 3 базавыя
Учора, 19 верасня, у судзе Мінскага раёна суддзя Новікава аштрафавала актывіста Курапацкай варты Рыгора Сасева на тры базавыя (76,5 рублёў).

Рыгор Сасеў
У Рыгора Сасева інваліднасць другой групы (ДЦП). Актывіста судзілі за нібыта наўмыснае прычыненне шкоды машыне, якая ехала ў рэстаран «Поедем поедим». Сцвярджалася, што Рыгор падрапаў машыну Land-Rover папяровай улёткай пра Курапаты, якую трымаў у руцэ і працягваў кіроўцу аўтамабіля.
Як сцвярджае грамадская актывістка Ганна Шапуцька, паглядзець на драпіну сведкам здарэння не далі, панятых не было, экспертыза не праводзілася. Па словах актывісткі, на запісе з відэакамер, што дэманстравалі ў судзе, было бачна, як машына едзе на Рыгора, не спыняючыся. Хлопец трымае ўлётку і праводзіць ёй па лабавым шкле машыны, у той час як драпіна чамусьці аказалася на корпусе машыны.
Справу супраць Рыгора Сасева ініцыяваў былы міліцыянт, цяпер дырэктар фірмы «Солвендо» Сяргей Федарчук.