Анархіста Паліенку будуць судзіць у закрытым рэжыме
Суд на актывістам Зміцерам Паліенкам, які пачнецца 25 верасня у Мінскім гарадскім судзе, будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Пра гэта Паліенка паведаміў сяброўцы Насты Гусевай.

Паводле меркавання
праваабаронцаў "Вясны", гэта звязана з разглядам матэрыялаў па
артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса "Абраза прадстаўніка ўлады" за
абразу міністра (былога) МУС Ігара Шуневіча.
Пачатак судовага разбіральніцтва прызначаны на 10 гадзін.

Нагадаем, Дзмітрый Паліенка быў затрыманы 20 сакавіка па падазрэнні ў здзяйсненні асабліва злоснага хуліганства (арт. 339 КК). Яго абвінавачваюць у тым, што ён распыліў газавы балончык у твар мужчыну, які зрабіў яму заўвагу за курэнне на лесвічнай пляцоўцы. 5 красавіка Паліенку было прад'яўленае абвінавачванне па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 339, арт. 341 і ч. 1 арт. 130. Абвінавачванне па арт. 341 КК Паліенку прад'яўлена за нанясенне графіці на будынак на вуліцы Ахоцкай.
2 ліпеня Следчы камітэт паведаміў, што расследаванне крымінальнай справы Дзмітрыя Паліенкі завершана і яна перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд. Але пракуратура г. Мінска вярнула ў Заводскі раённы аддзел Следчага камітэта справу Зміцера Паліенкі для правядзення дадатковага папярэдняга расследавання ў адпаведнасці з артыкулам 264 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса.
Вынікам гэтага сталі два новыя крымінальныя артыкулы: 341 за графіці ў Курапатах і 369 за абразу міністра (былога) МУС Ігара Шуневіча.