Адміністрацыя калоніі ў Горках зноў правакуе Міхаіла Жамчужнага

Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», адміністрацыя калоніі № 9 горада Горкі справакавала Міхала Жамчужнага прайсці ў атрад, дзе знаходзяцца асуджаныя «з нізкім статусам».

b16b22c0_e54e_4eb8_b2a7_c48f0ff9e064_tv_w1080_h608_logo_1.jpg

Пасля месячнага знаходжання ў памяшканні камернага тыпу палітвязню вынеслі чарговыя спагнанні: 30 жніўня — 10 сутак ШІЗА за адмову ісці ў атрад, 6 верасня — пазбаўленне кароткатэрміновага спаткання за нібыта няякасную ўборку камеры.
Пасля адбыцця ШІЗА хтосьці з кіраўніцтва ПК давёў да Міхаіла Жамчужнага інфармацыю пра тое, што ў атрадзе № 3, куды быў вызначаны палітвязень, памяняўся склад асуджаных, і цяпер яму не варта баяцца за сваё жыццё і здароўе. У сувязі з гэтым яму настойліва рэкамендавалі прайсці ў атрад.
Міхаіл Жамчужны пагадзіўся і 9 верасня ў чарговы раз прыбыў у атрад. Там ён пераканаўся, што яго спальнае месца не памянялася: знаходзіцца ў той жа секцыі, у якой прысутнічалі асуджаныя, якіх раней не было. Іншыя асуджаныя сустрэлі палітвязня добра, аднак пасля непрацяглай размовы Міхаілу далі зразумець, што зараз у гэтай секцыі знаходзяцца людзі з «нізкім статусам», а ўсіх «мужыкоў» перавялі ў іншыя секцыі. Зразумеўшы чарговую правакацыю, Міхаіл Жамчужны без прамаруджання пакінуў атрад. 10 верасня яму вынеслі чарговае спагнанне за адмову ісці ў атрад — 10 сутак ШІЗА.
Міхаіл Жамчужны лічыць пазбаўленне яго кароткатэрміновага спаткання за нібыта няякасную ўборку надуманым, бо ён ніколі не адмаўляўся прыбіраць камеру, а знайсці пыл не складае для супрацоўнікаў калоніі адмысловай працы. Палітвязень плануе абскардзіць спагнанне.
Як і раней, Міхаіл Жамчужны ўтрымліваецца ў адзіночнай камеры ў поўнай ізаляцыі.
Лісты і паштоўкі палітвязню Міхаілу Ігаравічу Жамчужнаму можна адсылаць па адрасе:
ПК №9, вул. Дабралюбава, 16, г. Горкі, Магілёўская вобласць, Беларусь, 213410
spring96.org