Адміністрацыйная справа супраць «дрэннага бацькі» Алеся Пушкіна спынена

Мастак Алесь Пушкін паведаміў, што сёння, 2 лістапада, яго выклікалі на паседжанне камісіі па справах непаўналетніх Крупскага райвыканкама.

img_7483_logo.jpg


Нагадаем, што за ўдзел ва ўроку гісторыі Слуцкага паўстання 1 верасня ў Слуцку ў дачыненні да мастака былі распачаты аж тры адміністрацыйныя справы па трох артыкулах КаАП: па ч.1 арт. 23.34 КаАП (парушэнне вызначанага парадку сходаў, мітынгаў і шэсцяў), па ч. 2 артыкула 21.14 (парушэнне правілаў утрымання населеных пунктаў) і па ч.1 артыкула 9.4 КаАП (невыкананне бацькамі або асобамі, якія іх замяняюць, абавязкаў па выхаванні дзяцей, што пацягнула здзяйсненне непаўналетнім дзеі, якая змяшчае прыкметы адміністрацыйнага правапарушэння або злачынства).
Па выніку разгляду двух адміністрацыйных спраў у Крупках і Слуцку Алесь Пушкін ужо атрымаў 2 штрафы, якія ў агульным памеры склалі 6 базавых велічынь.
На камісію па справах непаўнагадовых мастака выклікалі, каб разгледзець абвінавачванне ў невыкананні абавязкаў па выхаванню 13-гадовага сына, паколькі ён ўзяў з сабой сына на несанкцыянаваную акцыю.Мастак распавёў, што вонкава камісія выглядала больш строга, чым судовае паседжанне.
Склад камісіі па справах непаўнагадовых вельмі ўнушальны, бо складаецца з 14 чалавек, — распавёў мастак. — У асноўным, гэта жанчыны рознага ўзросту. Старшыня камісіі Вераб“ёў Андрэй пазнаёміў з прысутнымі, а таксама з маімі правамі і абавязкамі. Культурна прапанаваў выбраць мову паседжання — я выбраў беларускую. Прапанаваў распавесці пра тое, што адбылося 1 верасня ў Слуцку.
Па словах Алеся Пушкіна, адміністрацыйны пратакол супраць яго датаваны 1 верасня 2017 года, таму 1 лістапада быў апошні тэрмін для разгляду справы. Ён папрасіў камісію спыніць разгляд адміністрацыйнай справы ў сувязі з сканчэннем тэрміну яе дзеяння.
Старшыня камісіі згадзіўся з яго просьбай і паставіў пытанне на галасаванне. У выніку галасавання адміністрацыйная справа ў дачыненні да “дрэннага бацькі” ў сувязі з сканчэннем тэрміну прыцягнення Пушкіна была спынена.
У сваю чаргу мастак распавёў камісіі пра карысць “жывой” гісторыі для школьнікаў, пра свае планы вывучаць з сынам у Дзень ведаў найдалей гісторыю знакамітых мясцін Беларусі.
Паказаў і дзённік сына з выдатнымі адзнакамі, добрую характарыстыку класнага кіраўніка, якая выставіла Міколу “ўзорныя паводзіны” за чвэрць. Дарэчы у дзённіку Міколы з дзяржаўных святочных дней выкраслены Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, а Дзень Рэспублікі перанесены на 25 сакавіка.

20171030_165453_logo.jpg


Можна лічыць, што 2 лістапада адміністрацыйны “марафон” для Пушкіна ўрэшце скончыўся, і ён зможа займацца прафесійнай справай.
Мастак гаворыць, што, мусіць, ён крыху адарваўся ад жыцця, бо не чакаў такіх жарсцяў за зусім нявінны флэшмоб у Слуцку.
Алесь Пушкін плануе запісацца на прыём да старшыні Слуцкага райвыканкама, каб у спакойнай атмасферы абмеркаваць тэму ўшанавання герояў Слуцкага паўстання ў будучым.