Партрэты герояў Слуцкага паўстання абышліся Алесю Пушкіну ў адну базавую

Размяшчэнне партрэтаў герояў Слуцкага паўстання каля краязнаўчага музея абыйдзецца Алесю Пушкіну ў адну базавую велічыню.

img_0116_logo.jpg


Адміністрацыйная справа супраць мастака Алеся Пушкіна разглядалася 1 лістапада ў Слуцкім РАУС начальнікам Слуцкага РАУС Уладзімірам Герэгай.
Выслухаўшы мастака Пушкіна і яго абаронцу, палкоўнік Уладзімір Герэга зачытаў пастанову аб накладанні адміністрацынага спагнання. Начальнік РАУС палічыў, што Алесь Пушкін парушыў пункт 17 правіл утрымання і добраўпарадкавання населенных пунктаў. Гэты пункт прадугледжвае, што размяшчэнне аб'яваў, плакатаў, улётак і іншых інфармацыйных матэрыялаў нерэкламнаго характару ажыццяўляецца ў спецыяльна прызначаных месцах, вызначаных мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. За парушэнне Правіл прадугледжваецца штраф да 25 базавых велічынь. «Шкода», нанесеная мастаком гораду Слуцку, была ацэнена начальнікам Слуцкага РАУС у адну базавую велічыню, што складае ў грашовым эквіваленце 23 беларускіх рубля.

puszkin___hereha_logo.jpg


Сам «правапарушальнік» мяккім прысудам задаволены:
«Калі начальнік Слуцкага РАУС спытаў, ці гэта я размяшчаў партрэты ўдзельнікаў паўстання на плоце і навошта, я распавёў пра ўсе абставіны майго ўчынку, — распавёў мастак. — Размясціў жа я партрэты на часовым плоце каля краязнаўчага музею дзеля таго, каб напомніць і навуковаму кіраўніку, і дырэктару музея пра неабходнасць экспазіцыі па гісторыі слуцкага паўстання ў будучым адрамантаваным музеі».
Па словах мастака, зараз настолькі жорстка штрафуюць грамадзян за розныя акцыі, што такі прысуд ужо нават і не выглядае прысудам. Па-гэтаму абскарджваць яго ён не будзе.
Адвакат мастака Ганна Фаміна лічыць, што па дзеючым заканадаўстве ў дадзенай справе ёсць склад адміністрацынага правапарушэння. Да таго ж Пушкін не хаваў свайго дачынення да гэтага ўчынка. Яна таксама задаволена даволі мяккім грашовым спагнаннем.