Суд спыніў справу Валера Мінца наконт заклікаў да несанкцыянаванай акцыі

Лідскага актывіста Валерыя Мінца вінавацілі паводле міліцэйскага пратаколу ў закліках да несанкцыянаванай акцыі 8 верасня ў Мінску, паведамляе "Радыё Свабода".

c1e6f9f4_9929_4be4_aad2_b6c8e4bd7892_w1023_r1_s.jpg

5 верасня на сайце Беларускага нацыянальнага кангрэсу з’явілася інтэрв’ю з Валерам Мінцом, пазней яго словы былі працытаваныя сайтам «Хартыя-97».

Паводле Мінца, міліцыянты ў судзе настойвалі на тым, што Мінец сам напісаў і размясціў артыкул на «Хартыі-97» з заклікам да несанкцыянаванай акцыі 8 верасня.

«Мушу аддаць належнае міліцыянтам у тым, што яны больш нічога на судзе не выдумвалі, а сказалі толькі гэта і прызналі, што іншых доказаў у іх няма. Я ў сваё апраўданне патлумачыў суду, што артыкула не пісаў, ніякага дачынення да сайту „Хартыя-97“ не маю, а таму тэхнічна не мог размясціць там артыкул».

Мінец сказаў, што размаўляў з карэспандэнтам «Хартыі» праз тэлефон. Яму задавалі пытанні, звязаныя з эканамічнай сітуацыяй у краіне, пра стаўленне да вайсковых вучэнняў «Захад-2017», а ўсё астатняе — гэта былі думкі аўтара.

«Я прызнаў, што ў артыкуле ёсць мае словы, але заявіў суду, што не маю дачынення да меркавання аўтара, якое мне прыпісваюць. На дзіва, суд прыняў мае довады і палічыў, што мая віна не даказаная. Канечне, мне было вельмі прыемна, што справа ў судзе скончылася справядлівым рашэннем. Па праўдзе, я ехаў на суд з цёплай вопраткай і спадзяваўся на арышт, бо такое ўжо было з Някляевым. Аказваецца, і ў нас справядлівыя рашэнні ў судах магчымыя».

Справа Валерыя Мінца нагадвала справу Уладзімера Някляева, якога 1 лістапада асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту таксама нібыта за заклік да несанкцыянаванай акцыі. За інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат» Някляева абвінавацілі ў парушэнні артыкулу 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях, паводле якога заклік да несанкцыянаванай акцыі забаронены. Пры гэтым, як адзначаюць праваабаронцы, адказнасць за гэтыя дзеянні ў КаАП яшчэ не прадугледжаная, адпаведныя змены толькі рыхтуюцца заканадаўцам.

www.svaboda.org