Айцішніку, якога збіў бус сілавікоў, прысудзілі 3 гады «хіміі»

Суддзя Фрунзенскага суду сталіцы Наталля Бугук 5 лютага вынесла прысуд інжынеру-праграмісту Сцяпану Чыкілёву, якога 15 лістапада збіў міліцэйскі бус на сустрэчнай паласе. Хлопца абвінавачвалі ў злосным хуліганстве, нібыта ён пашкодзіў бусы сілавікоў, паведамляе «Свабода».

cde01032_7d0e_4b7e_b1ec_de1504955a3c_cx0_cy6_cw0_w1023_r1_s.webp

Сцяпана Чыкілёва асудзілі на 3 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (так званая «хімія»). Яго вызвалілі ў залі суду да ўступлення прысуду ў законную сілу.

Дзяржабвінаваўца Крысціна Асран сцвярджала, што 15 лістапада Сцяпан Чыкілёў з хуліганскіх намераў, наўмысна, беспрычынна разам з групай асобаў зрабіў не менш як тры кідкі ў бок міліцэйскіх аўтамабіляў, у выніку чаго былі пашкоджаныя сама меней 3 міліцэйскія аўтамабілі — дэфармаваліся лакафарбавыя пакрыцці бусаў, і тым самым вайсковай частцы 3033 нанесена матэрыяльная шкода ў суме 1180 рублёў.

Інжынера-праграміста абвінавачвалі ў злосным хуліганстве паводле часткі 2 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу.

Дзяржабвінаваўца прасіла пакараць Чыкілёва 3 гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову. Адвакатка Крысціна Печкурава настойвала, што яе падабаронны невінаваты.

 

Што адбылося на праспекце Пушкіна 15 лістапада апоўдзень

На шматлікіх відэа, якія знялі і журналісты, і камеры відэаназірання, відаць, як хлопец у шэрай куртцы замахваецца рукой у бок міліцэйскіх бусаў. Рух на праспекце Пушкіна ў той момант быў перакрыты. У гэты момант па сустрэчнай паласе едзе яшчэ адзін сіні бус, які і збіў пешахода. Сілавікі выскачылі з аўтамабіля, зацягнулі туды хлопца і з’ехалі. Красоўкі яго так і засталіся на дарозе. Увечары маладога чалавека з пастарунку даставілі ў шпіталь хуткай дапамогі са шматлікімі траўмамі, а праз пару дзён вярнулі на Акрэсціна. У адносінах да інжынера-праграміста Сцяпана Чыкілёва завялі крымінальную справу паводле часткі 2 артыкула 339 — злоснае хуліганства.

 

Двое з шасці сведак апазналі Сцяпана Чыкілёва

У судзе сведкамі выступілі шэсць байцоў спецыяльнага атраду хуткага рэагавання. Сведак дапытвалі без высвятлення іх асобы, асабістых дадзеных, каб забяспечыць іх непазнавальнасць. Твары іх цалкам закрытыя балаклавамі, на вачах цёмныя акуляры, усе яны выступалі пад несапраўднымі прозвішчамі.

Толькі двое з шасці сказалі, што пазналі Сцяпана па целаскладзе і прычосцы.

 

У бусіку і аўтазаку Чыкілёва моцна пабілі — з пастарунку яго забрала «хуткая»

Сам жа Сцяпан Чыкілёў на судзе расказаў, што пасля затрымання яго жорстка білі ў мікрааўтобусе. Падзеі памятае слаба, бо траціў прытомнасць.

«Памятаю, што мяне зацягнулі ў бус, нацягнулі куртку на галаву. Паклалі на падлогу, супрацоўнік міліцыі націснуў каленам на грудзі, было цяжка дыхаць. Траціў прытомнасць, у бусе білі, ужылі электрашокер. Потым перасадзілі ў аўтазак і доўга вазілі па горадзе», — расказаў Сьцяпан падчас допыту ў судзе.

У Фрунзенскім РУУСе дзяжурная адвакатка настаяла, каб Сцяпану выклікалі хуткую дапамогу. У лякарні хуткай дапамогі медыкі дыягнаставалі спалучаную траўму, страсенне мозгу, шматлікія сляды ўдараў, драпіны, пашкоджанне ныркі. Пацярпеламу наклалі швы, на шыю надзелі фіксавальны каўнер. У шпіталі мужчыну трымалі пад канвоем, праз тры дні перавялі на Акрэсціна, а потым у Жодзіна, дзе ён праседзеў амаль 3 месяцы.

34-гадовы Сцяпан Чыкілёў — вядучы інжынер-праграміст буйной ІТ-кампаніі. Калегі кажуць, што ён «нарадзіўся праграмістам», «чалавек-легенда», «звышмегаўраўнаважаны і добразычлівы хлопец».