Акадэмія навук пратэстуе другі тыдзень. Адміністрацыя кажа пра звальненні (фота)

Супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ужо другі тыдзень кожны працоўны дзень у 13.00 выходзяць на ланцуг салідарнасці да прэзідыума ўстановы на праспекце Незалежнасці.

118532261_751053922347102_7753790699698615200_n_logo.jpg


Навукоўцы склалі некалькі лістоў у падтрымку сумленных выбараў і супраць гвалту. Адміністрацыя акадэміі праводзіць прафілактычныя гутаркі. Неафіцыйна гучаць размовы пра звальненне супрацоўнікаў пад выглядам аптымізацыі навуковай установы.
Кожны працоўны дзень навукоўцы з розных інстытутаў у свой абедзенны перапынак збіраюцца ля калон прэзідыума НАН з бел-чырвона-белымі сцягамі і плакатамі, шыхтуюцца ў ланцуг салідарнасці ўздоўж праспекта Незалежнасці.

118395476_324503645462607_5718625887005758015_n_logo.jpg


Афіцыйна кіраўніцтва Акадэміі на гэта ніяк не рэагуе. Але 24 і 25 жніўня прайшлі сходы працоўных калектываў рознага ўзроўню: недзе запрасілі цэлыя інстытуты, недзе – лабараторыі; “пашанцавала” і асобным актывістам. Кажуць, што наўпростых пагроз падчас такіх гутарках не гучыць, аднак адміністрацыя паведамляе, што на восень плануецца атэстацыя ўсяго працоўнага калектыва Акадэміі навук, а па выніках атэстацыі – аптымізацыя. У беларускіх рэаліях аптымізацыя – гэта звальненні. Гучаць намёкі, што звольняць акурат супрацоўнікаў, якія падпісвалі лісты і выходзяць на ланцугі салідарнасці.


118512316_768422710559129_5714768002141610372_n_logo.jpg


Сёння ля прэзідыума НАН сабралася больш за 150 чалавек. Гэта не толькі супрацоўнікі, шмат людзей прыйшло падтрымаць навукоўцаў на заклік, змешчаны на Тэлеграм-канале Nexta. Два супрацоўнікі міліцыі ў камізэльках з надпісам “Ахова” час ад часу казалі ў мегафон, што мерапрыемства несанкцыянаванае і прасілі разысціся. Людзі ў цывільным здымалі пратэстоўцаў на камеры. Нікога не затрымлівалі.



Даследчыкі плануюць працягваць акцыі салідарнасці кожны працоўны дзень у 13.00. Калона навукоўцаў удзельнічала таксама ў агульнанацыянальных маршах 16 і 23 жніўня.

Фота аўтаркі