Актывісты ўшанавалі памяць Арнольда Пячэрскага

Актывісты Руху салідарнасці «Разам» адведалі Кальварыйскія могілкі, дзе ўсклалі кветкі да помніка лідара прадпрымальніцтва і шчырага ўдзельніка нацыянальнага руху Арнольда Пячэрскага.

img_9994.jpg

«Лідар беларускага прадпрымальніцкага руху Арнольд Пячэрскі сваім жыццём абверг тэзу, што беларусы слабыя і ніякія. Ён ставіў мэты і дасягаў іх. Гэты чалавек зрабіў сябе сам, сваёй руплівай цяжкай працай стаў паспяховым бізнэсоўцам, заможным чалавекам. Заробленыя цяжкай працай грошы, Арнольд пастаянна ахвяраваў на грамадска-палітычную дзейнасць. Калі прадпрымальнікі зазналі ціск з боку Лукашэнкі, Арнольд прыйшоў у палітыку. Ён арганізоўваў страйкі і пратэсты прадпрымальнікаў, ахвяраваў грошы на выданне газеты, аказваў падтрымку Маладому фронту, дапамагаў арганізоўваць палітычныя акцыі апазіцыі», — адзначыў падчас свайго выступу Вячаслаў Сіўчык.
Пра прыхільнасць нацыянальнаму руху, па словах Сіўчыка, красамоўна сведчыць такі факт: Арнольд адмыслова папрасіў Вітаўта Мартыненку, каб той дапамог аформіць на беларускай мове сатутныя дакументы ягонай фірмы. Арнольд Пячэрскі ўступіў у БНФ, падтрымліваў гэтую арганізацыю. Многія прадпрымальнікі рынка “Дынама”, дзякуючы яго аўтарытэту, сталі сябрамі БНФ. Потым Арнольд Пячэрскі з прадпырмальнікамі-аднадумцамі далучыліся да АГП.


Арнольд Пячэрскі загінуў у 1999 годзе, у той самы час, калі адбыліся гвалтоўныя знікненні апазіцыйных палітыкаў. Паводле афіцыйнай версіі пад Крупкамі аўтамабіль Пячэрскага ўрэзаўся ў буудаўнічую тэхніку. Шмат акалічнасцяў кажуць пра тое, што ў смерці Пячэрскага не ўсё так адназначна. На думку, Вячаслава Сіўчыка, спіс зніклых і загінулых у Беларусі апанентаў рэжыму нашмат большы.