Аляксандр Лукашэнка пра Святлану Алексіевіч: Яна напісала нармальныя творы

Аляксандр Лукашэнка рады, што Нобелеўскую прэмію па літаратуры атрымала грамадзянка Беларусі. Пра гэта ён заявіў 9 кастрычніка падчас сустрэчы з будаўнікамі Беларускай АЭС і жыхарамі Астравецкага раёна.



alieksijevic.jpg

"Я рады за яе, таму што гэта грамадзянка Беларусі, — цытуе Лукашэнку агенцтва БелТА. — Гэта сведчыць пра тое, што, якую б ты пазіцыю ні займаў, усё ж у Беларусі магчыма працаваць і ствараць, пісаць, выказваць свой пункт гледжання, пазіцыю і гэтак далей". 


Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што не з'яўляецца глыбокім знаўцам творчасці Алексіевіч, але ведае яе творы. "Так, я ведаю, што яна ў асноўным напісала, ведаю, што меў на ўвазе Нобелеўскі камітэт, калі прысуджаў ёй гэту прэмію, яна прэтэндавала на яе не першы год", — сказаў ён. 


Лукашэнка таксама заявіў, што не лічыць Алексіевіч апазіцыянерам. "Гэта добра, што чалавек мае сваю пазіцыю, можа, дзесьці і апазіцыйную, — сказаў ён. — Яна напісала нармальныя творы, у яе адпаведны стыль. Гэта яе форма, яе стыль. Я нічога супраць не маю. І, пачынаючы ад твораў, якія, увогуле, і савецкай уладай падтрымліваліся, вазьміце "У вайны не жаночы твар", яе вядомы твор, "Цынкавыя хлопчыкі", гэта ж рэальнасць". 
 

Лукашэнка лічыць важным, што першы беларус пасля савецкіх часоў стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры. "Галоўнае цяпер — як ты распарадзішся гэтым багажом. Калі ты грамадзянка Беларусі, гэта твая зямля, твая дзяржава, падабаецца табе ці не падабаецца, але ты ўжо сёння чалавек, які падняўся высока, паглядзім, як жа ты гэты імідж, гэты багаж, які ў цябе з'явіўся, выкарыстоўваеш на карысць свайго народа", — заявіў Лукашэнка. 


Імя чарговага ўладальніка Нобелеўскай прэміі па літаратуры за 2015 год было абвешчанае 8 кастрычніка. Як адзначаецца ў рашэнні Нобелеўскага камітэта, прэмія ўручана Святлане Алексіевіч за "шматгалоснае гучанне яе прозы і увекавечанне пакут і мужнасці". 


Лукашэнка афіцыйна павіншаваў пісьменніцу ў той жа дзень. 
Таццяна Каравянкова, БелаПАН