Алег Моўчан падаў у суд на гурт Naka за выкананне «Малітвы»

 Вярхоўны суд Беларусі распачаў справу па іску кампазітара Алега Моўчана ў дачыненні да спявачкі Насты Шпакоўскай.



Спявачка атрымала судовую позву ў Вярхоўны суд, якая датуецца 9 лютым разам з копіяй заявы кампазітара, у якой ён заяўляе пра парушэнне ягонага выключнага права на аб’ект аўтарскага права. Гаворка ідзе пра кампазіцыю «Малітва» на словы Янкі Купалы і музыку Алега Моўчана, уласную версію якой гурт Naka падрыхтаваў для праекту «Re:Песьняры», які ладзіў партал Tuzin.fm да 45-годдзя ансамблю «Песняры».
Сутнасць канфлікту ў тым, што сп.Моўчан не прыняў варыянт гурта Naka і забараніў выкарыстоўваць трэк. Песня не ўвайшла ў фінальную складанку, але была выкананая на канцэрце-прэзентацыі ў клубе «Re:Public» 12 верасня 2014. Спявачка перад яе выкананнем патлумачыла сітуацыю і сказала, што спяе яе ўсяго адзін раз — на знак павагі да творчасці «Песняроў» і Янкі Купалы. Арганізатар таго канцэрту і прадусар праекту «Re:Песняры» Сяргей Будкін сплаціў праз Цэнтр абароны інтэлектуальнай уласнасці вызначанае законам аўтарскае ўзнагароджанне за публічнае выкананне гэтага ды іншых твораў, якія прагучалі ў той вечар. Але сп.Моўчан усё адно абвесціў пра свой намер падаваць у суд. Першапачаткова прэтэнзіі прад’яўляліся да арганізатара канцэрту. Моўчан адмовіўся ад прапанаванай яму сумы ў 2,5 мільёны беларускіх рублёў (гэтулькі склаў чысты прыбытак з канцэрту) і вызначыў памер шкоды, нанесенай яму ў выніку выкананьня «Малітвы», у 57 мільёнаў беларускіх рублёў. Пасля абмену прапановамі аб добраахвотным урэгуляванні спрэчкі, бакі не сышліся ні на чым і сітуацыя на некаторы час папросту завісла ў паветры.
Як цяпер аказалася, Моўчан рыхтаваў новую заяву — цяпер ужо на адрас непасрэдна Насты Шпакоўскай. Ад падачы ў суд на арганізатараў праекту «Re:Песняры» ён адмовіўся. Кампазітар сцвярджае, што музыканты сказілі яго мастацкую задуму, парушылі ягоныя аўтарскія правы і патрабуе кампенсацыі ў памеры 18 млн. рублёў. Судовая калегія па справах інтэлектуальнай уласнасці Вярхоўнага суда запрашае кампазітара і спявачку на размову, якая прызначаная на 19 лютага. Cправу вядзе суддзя Іна Цысік.
Ад рэдакцыі. Ясна, што ў гэтай справе Наста не будзе адна. Мы з свайго боку далучаем усе свае магчымасці, рэсурсы і сродкі для таго, каб вырашыць праблему.
tuzin.fm