“Алесь казаў: “Няма больш шчырай справы, чым аддаць душу за сябра свайго"

27 верасня Алесю Чаркашыну споўнілася б 33 гады. Чаму хлопец з Брэста пайшоў ваяваць за Украіну, узгадвае яго сябра Ян Мельнікаў.



aliesj_carkashyn2.jpg

Даведка Еўрарадыё: Алесь Чаркашын — пазыўны “Тарас”, актывіст Беларускай хрысціянскай дэмакратыі з Брэста. Вучыўся ва Украіне ў Херсоне ў Біблейскім інстытуце. Ад пачатку ўзброенага канфлікту на ўсходзе Украіны прайшоў курс медычнай падрыхтоўкі і аказваў

Еўрарадыё: Наколькі добра вы былі знаёмыя з Алесем Чаркашыным?

Ян Мельнікаў: Фактычна, ён быў адным з самых блізкіх для мяне людзей і апошнія паўгода мы практычна цэлы час былі разам. Ён прыехаў на базу за некалькі дзён да Новага года (у снежні 2014 года — Еўрарадыё) разам з “Кексам”. Менавіта з тым хлопцам, які загінуў у тым баю, калі быў паранены Алесь. Мы не былі знаёмыя раней, на радзіме, толькі на базе Правага сектару пазнаёміліся. Але з таго часу — разам былі ў Песках (вёска побач з Данецкім аэрапортам — Еўрарадыё), разам ездзілі на ратацыю. Ён быў пратэстантам і мы разам хадзілі з ім да царквы. Сярод байцоў нашай тактычнай групы шмат тых, хто на радзіме не быў сярод актывістаў нейкай палітычнай арганізацыі, не ўдзельнічай у нейкіх акцыях. Іншая справа мы з Алесем: калі ён быў актывістам БХД, удзельнічаў у маўклівых акцыях пратэсту ў Брэсце, не аднаразова затрымліваўся міліцыяй, то я меў стасункі з “Маладым фронтам”, браў удзел у акцыях, што ладзіла гэта арганізацыя. Такім чынам, у нас было тут шмат агульнага і былі свае тэмы для размоў.

d2.jpg?itok=_yNniI_A

Еўрарадыё: Калі людзі столькі часу праводзяць разам, непаразуменні ўзнікаюць міжволі…

Ян Мельнікаў: З а ўвесь час мы даволі сур’ёзна пасварыліся можа разы са два. Але ж на фронце не магчыма так: пасварыліся, пакрыўджана разышліся ў розныя бакі і год з-за гэтага нават не кантактуюць. Тут так ці інакш, але даводзілася кантактаваць, а з улікам таго, што з Алеся лёгка было знаходзіць паразуменне, то і спрэчкі хутка забываліся. Увогуле, ён быў не канфліктны чалавек, і за гэта яго паважалі і вельмі добра да яго ставіліся ўсе на базе. Тым больш, ну, з-за чаго на фронце можна пасварыцца?! Так, бытавое нешта… Вы ж разумееце, калі ўвесь час такі працяглы тэрмін людзі разам, то міжволі нешта напружвае. Але тое не вартае ўвагі.

Еўрарадыё: Алесь расказваў, што яго падштурхнула пайсці ваяваць?

Ян Мельнікаў: Ён вучыўся ў Херсоне. Калі пачалося гэта ўсё на Данбасе, то стаў валанцёрам, часта прыязджаў на фронт, выступаў тут з канцэртамі — нават запісы яго выступаў ёсць. А потым проста вырашыў, што і яго месца тут. Ведаеце, якая ў Алеся была ўлюбёная фраза: “Няма больш шчырай справы, чым аддаць душу за сябра свайго”. І гэта было не паказушнае нешта. Прыгадваю адзін выпадак: у дзень, калі загінуў “Правы”, нашы пазіцыі нашы пазіцыі абстрэльвалі проста шалёна, былі параненыя. Тых, каго зачапіла злёгку, проста перавязалі, але быў адзін хлопец, якога тэрмінова трэба было даставіць у шпіталь. Да шпіталю было некалькі кіламетраў, абстрэл працягваўся, але Алесь вырашыў не чакаць: параненага паклалі ў машыну, ён сеў за кіроўцу і пад мінамётным абстрэлам давёз пабраціма ў шпіталь.

Еўрарадыё: Ці абмяркоўвалі вы магчымасць вяртання на радзіму: вядома ж пра пагрозы пакараць усіх, хто паехаў ваяваць ва Украіну?

Ян Мельнікаў: Алесь збіраўся вярнуцца дамоў. Ён нават ездзіў дахаты падчас ратацыі. Ён спадзяваўся, што не будзе мець праблем з беларускімі спецслужбамі: тое, што ён ваюе не афішавалася, а ва Украіне ён афіцыйна знаходзіўся на вучобе. Таму, у гэтым сэнсе ён за свой лёс не хваляваўся, і як толькі была магчымасць — ехаў дахаты. Верыў, што калі ўсё скончыцца, зможа спакойна вярнуцца.

Еўрарадыё: А вы?

Ян Мельнікаў: У мяне сітуацыя зусім іншае: у Беларусі дакладна ведаюць, дзе я і што тут раблю. Ужо нават прыходзіла да бацькоў пэўныя людзі з адпаведнымі пытаннямі. Таму я ўжо нават перастаў маскіравацца, хаваць твар: я ведаю, што, як мінімум, будзе пільная ўвага за мной. Як максімум — пасадзяць. У любым выпадку, гуляючы па вуліцы роднага горада я прайсціся не змагу. Дома я вымушаны буду хадзіць і ўвесь час азірацца ды думаць — з кім магу, а з кім не магу кантактаваць, ці проста буду сядзець за кратамі. Таму, я зараз і раблю ўсё для таго, каб атрымаць украінскае грамадзянства і не трапіць пад артыкул Крымінальнага кодэксу Беларусі за свае дзеянні.

Еўрарадыё: У вас напэўна былі размовы “па душах”: Алесь казаў, што для яго выявіла гэтая вайна?

Ян Мельнікаў: Тое, як лёгка можна маніпуляваць людзьмі. Мы ж увесь час кантактавалі з мясцовымі жыхарамі: нехта нам дапамагаў, нехта прыходзіў да нас па ежу. Алесь кожны раз з мясцовымі шмат размаўляў. Большасць тых мясцовых да пачатку ваенных дзеянняў крычалі: “Расія-Расія!”, віталі армію ДНР, а зараз яны прыходзілі да нас і казалі: “Мы памыляліся: думалі, што ўсё будзе мірна, мы як і Крым пяройдзем да Расі, будзем мець пенсіі ў 5 разоў вышэйшыя за ўкраінскія”… Гэта было дэманстрацыяй таго, як лёгка з дапамогай прапаганды ды манеты можна пазбавіць чалавека розуму і годнасці. Алеся гэта вельмі палохала: што такая маніпуляцыя з боку Расіі можа быць арганізаваная і ў Беларусі. 

d3.jpg?itok=sLj7S-j-


Еўрарадыё: Нават не ведаю, як сфармуляваць пытанне… З аднаго боку, на вайне людзі гінуць пастаянна, але калі гіне сябра — як гэта ўспрымаецца?

Ян Мельнікаў: Тут іншае… Так, чалавека моцна параніла, але яго аправілі ў шпіталь, зрабілі аперацыю, здаецца, што ўсё з ім будзе добра, ён нібыта ідзе на папраўку і раптам — смерць. Гэта нараджае падазрэнні, што, можа, яго там неяк не так лячылі, не даглядалі і гэта прывяло да смерці?.. Мы проста выпалі на пэўны час… Вось, толькі, здаецца, з “Кексам развіталіся, а цяпер Алесь!.. Ён быў у шпіталі амаль тры тыдні, за гэты час мы нават знайшлі людзей, якія пагадзіліся выдаткаваць 20 тысяч еўра яму на пратэз. І Тут нам кажуць пра смерць Алеся — гэта быў вялізны шок. На маю думку, Алесь, сапраўдны герой, якім мусіць ганарыцца Беларусь. Хтосьці лічыць такія словы пафасам, але мы ведаем дакладна, што змагаючыся за Украіну мы змагаемся за Беларусь. Тое, што мы бачым зараз ва Украіне, на Данбасе, у гэтым нас упэўніла канчаткова. Паверце: сённяшняя Расія — гэта пагроза не толькі Украіне, але і Беларусі, і Грузіі, і краінам Балтыі, і нават краінам Усходняй Еўропы.

Еўрарадыё: Пытанне можа не да часу, але: і Алесь, і вы — людзі веруючыя. Якім чым суадносяцца Божы запавет “Не забі” і ваш добраахвотны прыезд на фронт? Вы ж ехалі, ведаючы, што давядзецца забіваць?

Ян Мельнікаў: Разумееце, гэта вайна не такая, калі бачыш чалавека, прыцэльваешся ў нейкую яго частку цела і страляеш — гэта не так. Тут так: недзе, на вялікай адлегласці ты бачыш успышкі і па іх страляеш. А патрапіў ты ў цэль ці не — гэтага не бачыш. Няма такога, што стрэліў і бачыш: “Во, я забіў чалавека”. Ты страляеш і, верагодна, так некага забіла. Але забіў яго снарад з пушкі ці куля з твайго аўтамата — ты ж не ведаеш. Таму, мы тут пра гэта не думаем: забіў я некага ці не забіў. Думаеш: “Я адказаў агнём на агонь ворага”.

Еўрарадыё: Пра тактычную групы “Беларусь”, байцом якой быў і Алесь Чаркашын: даводзілася чуць, што на самой справе яна — фэйк, яе не існуе ў якасці сур’ёзнае баявой адзінкі…

Ян Мельнікаў: Мы — рэальная баявая група пры Правым сектары. І ўжо больш за паўгода бяром удзел ва ўзброеным супрацьстаянні на ўсходзе Украіны. Не ў навучальных ці трэніровачных базах ці нават недзе “на грамадзянцы”, а на фронце. Нам вераць, кажыце? Нам ужо позна гуляць у нейкую канспірацыю і хавацца — прыязджайце і мы пакажам вам як і дзе мы ваюем, колькі нас, а вы ўсё раскажыце і пакажыце!

d4.jpg?itok=ehkqoiO-

Еўрарадыё: Некалькі тыдняў таму , баец-беларус “Док” распавядаў нам пра праблемы з атрыманне добраахвотнікамі ўкраінскага грамадзянства. Ведаю, што праблема гэта так і застаецца не вырашанай. Няма крыўды, што вы за Украіну рызыкуеце жыццём, а вам нават такім чынам улады не жадаюць аддзячыць?

Ян Мельнікаў: Крыўдна, канешне, але мы не можам кінуць і сысці — як мінімум, у нас ёсць абавязак перад “Тарасам” (Алесь Чаркашын — Еўрарадыё), перад “Кексам”. Мы павінны скончыць тое, што мы разам пачыналі, але што яны скончыць не паспелі. Калі мы зараз апусцім рукі і ўсё кінем, то навошта ўвогуле была іх смерць? Да ўсяго — мы ж не за ўладу тут ваюем! Мы дапамагаем украінцам, нашаму братняму народу. Я ваюю за тых бабулек, якія дасылаюць нам на свята пасылку, у якой кіло грэчкі і вязаныя шкарпэткі. Я ведаю, што яна тую грэчку і ніткі для шкарпэтак набыла на апошнія грошы, каб толькі нас павіншаваць. За такіх вось бабулек мы зараз ваюем ва Украіне.

Еўрарадыё: Старшыня КДБ так тлумачыць цікаўнасць беларускіх спецслужб да тых беларусаў, што паехалі ваяваць ва Украіну: маўляў, яны паехалі туды забіваць людзей, яны гэтаму навучыліся і нельга такіх небяспечных для грамадства людзей пакідаць без нагляду”. Вы небяспечны для беларускага грамадства чалавек?

Ян Мельнікаў: Я небяспечны для любога, хто за кошт народу збіраецца рабіць нешта на сваю карысць. І не важна: адбываецца гэта ў мяне дома ці ў майго суседа. Для мяне зло — гэта не абстракцыя. І калі нейкая ўлада ці нейкі рэжым, думае, што яна пра свае амбіцыі, праз выдуманы “рускі мір”, праз заселеных на Данбасе перасяленцаў можа адабраць частку Украіны, то я ўпэўнены — яна такога права не мае. А можна яшчэ прыгадаць падзеі ў Грузіі і Чачні. Таму, я разумею, што гэта зло і з ім трэба змагацца. Мая ж небяспека для грамадзян — гэта смешна. Я тут для таго, каб людзі жылі мірна. А таксама для таго, каб беларусы не пакутавалі ад “старэйшага брата”, як сябе любіць называць Расія. Менавіта за гэта я тут ахвярую сваім жыццём. 

Зміцер Лукашук, euroradio.fm

Фота: http://www.svaboda.org/, belsat.eu, з архіву суполкі "Згуртаванне